Прадстаўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі Юры Санько паведаміў «Радыё Свабода», што з прычыны пандэміі каранавіруса колькасць вернікаў падчас службаў у храмах скарацілася ў разы. Гэта сведчыць і пра дысцыплінаванасць і грамадскую адказнасць людзей адно перад адным.

Сам айцец Юры — пробашч мінскага касцёла Святога Роха. Паводле яго, калі ў папярэднія гады на Велікодную імшу тут збіраліся 300 і больш чалавек, то гэтым разам святочную службу наведалі 60 парафіян. Аналагічная карціна і ў іншых храмах: у лепшым выпадку палова ад ранейшай колькасці, а звычайна яшчэ меней.

Так, у мінскім катэдральным саборы на імшы, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, разам з ім маліліся ўсяго некалькі дзясяткаў вернікаў, якія вырашылі асабіста ўдзельнічаць у галоўнай літургіі года.

Бальшыня скарысталася дадзенай біскупам парадай і засталася дома, далучыўшыся да імшы праз тэлетрансляцыі на канале «Беларусь 1», спадарожнікавым канале «Беларусь 24», на канале міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» і інтэрнэт-каналах у сацыяльных сетках.

Паводле Юрыя Санько, на фоне эпідэміі каранавіруса абачлівасць вернікаў цалкам ухвальная, бо сведчыць пра разуменне сур’ёзнасці сітуацыі. Галоўнае, што ў думках і сэрцах гэтыя людзі застаюцца з Богам — толькі ў «Інстаграме» служба з касцёла Святога Роха набрала амаль паўтысячы праглядаў.

Паколькі няма пэўнасці, калі будуць адазваныя распараджэнні касцёльнага кіраўніцтва наконт захадаў засцярогі, віртуальныя каналы сувязі будуць пашырацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?