Колькасць тых, хто заразіўся каранавірусам у Аршанскім раёне вырасла больш чым у два з паловай разы за двое сутак, заўважаюць «Народныя навіны Віцебска».

Як паведамляе сайт Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, па стане на 15 красавіка ў гэтым раёне зарэгістравалі ўжо 40 выпадкаў COVID-19, тады як 13 красавіка іх было толькі 15.

Большасць новых выпадкаў — гэта выяўленыя кантакты 1 і 2-га ўзроўняў. Са шпіталя пасля лячэння выпісалі двух чалавек, якія перахварэлі COVID-19, адзін пацыент памёр.

Першы хворы на каранавірус з'явіўся ў Глыбокім. Як піша газета «Веснік Глыбоччны», гэта студэнт адной з ВНУ Віцебска, якога адправілі на радзіму, бо ён меў кантакт другога ўзроўню. На самаізаляцыі ён прабыў чатыры дні, пасля чаго ў маладога чалавека пачаўся сухі кашаль і паднялася тэмпература. Студэнта тут жа забралі ў асобны бокс інфекцыйнага аддзялення Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы. У гэты ж дзень у яго ўзялі тэст на каранавірусную інфекцыю, які быў станоўчым.

Сёння, па інфармацыі таго ж выдання, валанцёры з Мінска перадалі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы два кіслародныя канцэнтратары. Апараты ўсталявалі ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі рэанімацыі. Усяго ж для ЦРБ ужо паспелі сабраць больш за 21 000 рублёў дабрачыннай дапамогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0