Трыумфальнае вяртанне Мікі Рурка здзейснілася стужкай «Рэстлер». Піша Павал Касцюкевіч.

Амерыканскія пастановачныя баі: барацьбіты скачуць адзін аднаму на спіну і грудзі, б’юць шыбы адзін ў аднаго на галаве, лупцуюць па нырках, выдзіраюць суперніку вочы, — і ўсё гэта не папраўдзе. «Не папраўдзе? — перапытвае герой Мікі Рурка, бесправільны барацьбіт Рэндзі «Таран», — Я пакажу табе гэтае «не папраўдзе»...». І стужка пачынаецца: гісторыя ўдзельніка несапраўднага спорту, ад якога руйнуецца цела і душэўная развага, чароўнай пастаноўкі, ад якой нішчыцца сям’і (галоўны герой мае дарослую дачку, але не вельмі добра ведае, калі ў яе дзень народзінаў), гульні, якая не дае дазвол нават на шчырае каханне.

«Рэстлер» — рымэйк, якае паўтараецца-робіцца з пакалення ў пакаленне: адвечная песня пра спробу вяртання да ўласных вяршыняў. Пра пакліканне, улюбёную справу, якая мае сваю высокую цану. Усё астатняе толькі мода: рэалістычны стыль здымання, калі камера нібы дыхае ў патыліцу, меланхалічны (як у фільме «Складанасці перакладу») электагітарны перабор на тле. «Рэстлер» — сюжэт, на які заўжды будзе знойдзены герой і заўсёды прыйдзе глядач. «Рокі», «Алі», «Бой з ценем». Усе ведаюць фінал наперад і ўсё адно глядзяць, прыглядаюцца, прымерваюцца: не выключана, што і самім колісь давядзецца здзейсніць свой камбэк.

Нягледзячы на крыклівую рэкламу, гэта сцішаны, асабісты фільм: прыватны аповед пра прыватнага чалавека. «Рэстлер» гэтаксама можа называцца «Спявак», «Паліцэйскі», «Гоншчык», «Актор». Цікава паназіраць, як у сваіх сёлетніх інтэрв’ю Мікі Рурк, які гадоў 13 нідзе не толкам не здымаўся (не было прапановаў), амаль не падзяляе паміж сабой і сваім новым героем.

Паглядзеўшы «Рэстлера» лепей разумееш наркатычную сутнасць сцэны/рынгу і нават пачынаеш хай сабе трошкі, але ўсё ж уважлівей прыглядацца да Алы Пугачовай, з яе нібыта фальшывымі сыходамі і вяртаннямі.

Чаму варта глядзець гэты фільм:

1. Дзеля сцэны ў супермаркеце, у якой Мікі Рурк, нацягнуўшы чэпчык стэрыльнасці, працуе ў мясным аддзеле, дзе яго ганяюць туды-сюды дабітныя амерыканскія пенсіянеры. Сцэна знятая з гледзішча прылаўка, так што стуль пачынаеш разумець лепей работнікаў гандлю, а ад дапытлівасці актораў-пакупнікоў пачынаеш сатанець сам.

2. Каб паглядзець падыспад, «кухню» пастановачных баёў. «Тут я лупану табе ў твар, а потым ты гахнеш мне па спіне». Ага, вось так усё гэта ў іх робіцца...

3. Дзеля мікіруркаўскай фрызуры (Карабельныя бічоўкі? Вужакі Медузы-Гаргоны? Тайландская яечная локшына?)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?