У 2017 годзе беларускі стартап «Healthy Networks» распрацаваў праект Lung Passport («Пашпарт лёгкіх»). У праекце — мабільны дадатак і электронны стэтаскоп, які аўтаматычна распазнае гукі ў лёгкіх, у тым ліку і пнеўманію. Тое, што напачатку мела значэнне для вузкаспецыяльных патрэб, нечакана выявілася выключна актуальным, калі здарылася пандэмія каранавіруса.

Цяпер распрацоўшчыкі праекта разам з кафедрай пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА дамаўляюцца аб супрацоўніцтве з Мінздароўя, каб падчас пандэміі аддалена адсочваць стан пацыентаў з лёгкімі сімптомамі COVID-19 і іх кантактаў.

«У многіх пацыентаў каранавірус праходзіць у лёгкай форме. Адпаведна, у стацыянар іх, а таксама іх кантактаў, адпраўляць не вельмі выгадна і правільна, таму што там яны заражаюць адно аднаго ў большай ступені, чым дома. Разумны выхад з сітуацыі — самаізаляцыя, але пры гэтым трэба, каб у пацыента і доктара была магчымасць адсочваць развіццё захворвання, — паведаміў «Нашай Ніве» адзін з заснавальнікаў праекта Максім Зябко.

— Наш дадатак падкажа і доктару, і пацыенту, што ў хворага ёсць змены ў лёгкіх, пакажа, дзе з'яўляюцца гукі, характэрныя для пнеўманіі. А праз тое, што ў каранавіруса асноўная паталогія — гэта пнеўманія, то пры яе развіцці доктар можа аддалена ацаніць стан пацыента і сказаць, мае патрэбу ён у шпіталізацыі ці не».

Як гэта працуе?

Пасля ўстаноўкі дадатку карыстальнік мусіць выслухаць сябе і членаў сваёй сям’і электронным стэтаскопам, а таксама прайсці апытанне: якая тэмпература, сухі ці мокры кашаль, частата кашлю, наяўнасць макроты і г. д.

Вынікі так званага анамнезу сістэматызуюцца і паказваюцца доктару ў простым і зразумелым графіку, дзе чырвоным колерам будуць выдзелены небяспечныя сімптомы пацыента, жоўтым — сімптомы сярэдняй небяспекі, а зялёным — бяспечныя.

«Алгарытм апытання нам распрацавалі пульманолагі, — расказвае Максім Зябко. — Самастойна апытаць 100 чалавек за дзень доктар не зможа проста фізічна, а ў аўтаматызаваным выглядзе гэта скарачае час на апрацоўку даных аднаго пацыента ў 10—15 разоў. А яшчэ ў першую чаргу доктару паказваюць пацыентаў з небяспечнымі сімптомамі. На пацыентаў са звычайнай тэмпературай, але без праблем з дыханнем доктар не будзе марнаваць час, а пяройдзе адразу да тых, якім патрэбна дапамога».

Каштоўнасць новай тэхналогіі ў тым, што дадатак на мабільніку чуе найменшыя хрыпы ў лёгкіх з большай дакладнасцю, чым доктар.

«Пры правільным выкарыстанні дэвайса наша дакладнасць вышэйшая, чым у сярэднестатыстычнага лекара. Так паказвае параўнальнае тэставанне», — расказвае Максім Зябко.

Заснавальнік праекта дадае, што падобных прыбораў у свеце яшчэ няма. Толькі ў Польшчы, але там яно яшчэ не прадаецца. 

Дамову з Мінздароўя распрацоўшчыкі яшчэ не падпісалі: пакуль незразумела, хто будзе плаціць за стэтаскопы і куды іх будуць пастаўляць:

«У медыцыне не можа быць хуткіх рашэнняў. Мінздароўя нашу прыладу трэба зразумець і старанна праверыць. Эканамічнае пытанне таксама стаіць: ім трэба падлічыць, хто гэта закупіць і якім чынам. Няма такога, што яны не хочуць плаціць або хочуць, каб плацілі пацыенты. Яны проста разглядаюць новы прыбор і правяраюць, ці можа яно ўбудавацца ў існуючую сістэму аховы здароўя».

Кампанія «Healthy Networks» стала рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій у 2018 годзе. Агульная сума прыцягнутых кампаніяй інвестыцый перавышае $1 мільён. З Мінздароўя кампанія камунікуе ўжо паўтара года. Восенню 2019 года, па словах распрацоўшчыкаў, быў прыняты план паступовага ўкаранення праекта ў сістэму аховы здароўя. 

Але Максім Зябко дапускае, што працэс можа і расцягнуцца: «Да таго ж, дактарам трэба будзе патраціць час на вывучэнне, як дадаткам карыстацца. На гэта можа сысці месяц-паўтара. А зараз дактары і так вельмі занятыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?