Добры прыклад для іншых рэгіёнаў Беларусі.

Ініцыятыва належыць уладальніку аграсядзібы «Ганка», старшыні грамадзянскай рады па развіцці аграэкатурызму Валожынскага раёна Анатолю Ганцу. Менавіта з яго падачы на мінулым тыдні адбылася сустрэча ўласнікаў аграсядзібаў з галоўным доктарам Валожынскай раённай бальніцы.

Справа ў тым, што цэлыя тры паверхі «раёнкі» аддалі для хворых на каранавірус, а таксама на кантакты першага ўзроўню. Разам з хворымі ў бальніцы знаходзяцца і медработнікі (урачы, медсёстры, санітаркі). Агулам — 56 чалавек. У бальніцы яны жывуць і працуюць ужо амаль два тыдні.

«Гэта такія воіны святла. Людзі, якія ратуюць жыцці, робяць геройскія учынкі», — кажа уласнік адной з аграсядзіб, які падтрымаў акцыю. Ён не хоча, каб яго імя гучала ў прэсе, бо лічыць, што гэта не істотна і робіць усё гэта не для піяру.

«Я ляжаў гадоў шэсць таму ў бальніцы з пнеўманіяй. Помню той стан, паклюеш трошку аўсянай кашы і не хочацца, бо хворы, сілаў асабліва няма. А вось медыкі — зусім іншая справа.

Яны ходзяць падчас змены ў гэтых закрытых камбінезонах, столькі энергіі сыходзіць, пацеюць пад лямпамі. І калі б яны жылі дома, то маглі б паесці катлетак, чагосьці іншага да чаго звыкліся, такой ежы, як «у мамы». А ва ўмовах калі яны жывуць у бальніцы, то ўсяго гэтага не маюць, таму мы і вырашылі парадаваць людзей», — кажа мужчына.

Агулам акцыю падтрымалі некалькі дзясяткаў уласнікаў аграсядзібаў і фермераў. Нехта перадаваў грошы на ежу, нехта дапамагаў прадуктамі (бульбай, буракамі, цыбуляй, яблыкамі). Што ў каго было.

«З адной фермерскай гаспадаркі перадалі клінковага сыру. Завезлі ў бальніцу, на кожны паверх дзесьці па паўтара кілаграма. Шмат адрэагавала маіх падпісчыкаў у фэйсбуку, калі я да іх звярнуўся. Адзін чалавек, можа, рублёў на 300 накупляў рознай садавіны. І гэта дазволіла нам нарабіць добрых вітамінных салатаў. Іншы чалавек, які мае справу з маразільнымі камерамі, змог перадаць нам сапраўдную камбалу з Камчаткі. Дзякуй усім, хто дапамагае», — кажа суразмоўца.

Медработнікаў у Валожыне хатняй ежай частуюць ужо чатыры дні. Гатаваць ежу на аграсядзібах дазволена. Возяць на машынах у вялікіх баках, якія пазычылі вайскоўцы. Калі ўсё даядаюць, то бакі дызынфікуюць і перадаюць назад.

«Асабіста наша сядзіба брала тры апошнія дні. Былі салаты з садавінай. З супоў гатавалі капусту, боршч, а таксама з мяснымі фрыкадэлькамі. На другое было свіная адбіўная з тоўчанай бульбай, гуляш з грэчкай, а таксама камбала з рысам. На трэцяе — морс з чорнай парэчкі і брусніцамі, кампот з яблык і груш, а таксама сок», — расказвае пра меню ўласнік аграсядзібы.

Медработнікам зробяць і адмысловае велікоднае меню. Будуць карміць і на наступным тыдні.

«Я лічу, што гэта вельмі годная грамадзянская ініцыятыва. Яна збліжае людзей. Сёння мы ўсе павінны нешта рабіць, каб дапамагчы ў гэтым змаганні. Мне здаецца, што з сітуацыі з каранавірусам чалавецтва павінна выйсці іншым, зменяцца і беларусы. І мне здаецца, што павінны змяніцца ў лепшы бок», — кажа спадар. Магчыма, гэта будзе добрым прыкладам для жыхароў іншых раёнаў па самаарганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0