17.04.2020 / 18:20

Сэкс, гвалт і таталітарызм. Сталі даступныя анлайн першыя часткі скандальнага кінапраекта «Дау» 4

Дзве часткі скандальнага шматсерыйнага фільма сталі даступныя анлайн — іх можна паглядзець на сайце праекта за тры даляры кожны. Следам за «Дау. Наташай» і «Дау. Дэгенерацыяй» будуць выкладзеныя астатнія фільмы, серыялы і ўвогуле ўсе 700 гадзін адзнятага ў сусвеце «Дау» матэрыялу. Расказваем, чаму гэта абавязкова трэба бачыць.

Гісторыі праекта Ільі Хржаноўскага ўжо больш за дзесяць гадоў, і ледзь не ўвесь гэты час яго суправаджаюць плёткі, крыватолкі і папрокі. Упершыню легендарны «Дау» быў прыкладна год таму ў якасці інсталяцыі прэзентаваны ў Парыжы: наведвальнік аказваўся ў лабірынце двух кінатэатраў, дзе ў розных залах без раскладу і сістэмы паказвалася трынаццаць фільмаў серыі. Як напісаў тады адзін з кінакрытыкаў, ён бязвылазна правёў з «Дау» двое сутак, у выніку чаго ледзь не звар’яцеў.

У такім жа маштабе Ілья Хржаноўскі хацеў прэзентаваць свой праект у Берліне, для чаго меркавалася пабудаваць копію Берлінскай сцяны, але гарадскія ўлады на гэтую акцыю не далі дазволу. Потым, ужо пасля парыжскай прэм’еры, дзесяць фільмаў «Дау» планаваліся быць паказанымі ў Расіі, але чатыром з іх расійскае Міністэрства культуры адмовіла ў пракатным пасведчанні, як тлумачылася, за «прапаганду парнаграфіі». Рэжысёр не захацеў разбураць цэльнасць падборкі і падаў на Міністэрства культуры ў суд.

Сярод тых, хто не прайшоў міністэрскі адсеў, аказалася і «Дау. Наташа», якая ўрэшце была ўключана ў асноўную конкурсную праграму сёлетняга Берлінскага кінафестывалю і атрымала яго «Сярэбранага мядзведзя». Паралельна ў пазаконкурсе Берлінале была паказаная шасцігадзінная «Дау. Дэгенерацыя» — уласна гэтыя дзве часткі зараз даступныя для прагляду.

У Берлін праект ужо прыйшоў з даволі неадназначным бэкграўндам, і хоць праз удзел у праграме аднаго з найбуйнейшых кінафестываляў ён, лічы, атрымаў афіцыйнае прызнанне як датычнага да вялікага кіно, сярод гледачоў, журналістаў і кінакрытыкаў выдзеліўся даволі вялікі лагер, які выступіў катэгарычна супраць «Дау». Прычым непрыманне гэтае — яго асновай стала пытанне этыкі — выяўлялася не толькі ў выказванні меркавання, але і ў адкрытым лісце да дырэкцыі Берлінале і нават акцыі пратэсту.

Дык што ў гэтым фільме такога асаблівага? Сёння яго не ўдасца прыткнуць ні да адной вядомай дэфініцыі сферы кіно. Ці то дакументальнае, ці то ігравое відовішча — мае месца нават параўнанне з рэаліці-шоу — з ходу агаломшвае сваёй эстэтыкай.

Мы бачым пэўны закрыты свет у прыглушаных танах, халоднае асяроддзе савецкай установы і людзей у адзенні 1950-х, якія не іграюць, а наўпрост і без сцэнарыя перад камерай жывуць, то-бок працуюць, камунікуюць, плачуць, б’юцца, займаюцца сэксам, катуюць і так далей.

Каб зняць гэтае кіно, Ілья Хржаноўскі арганізаваў маштабны і дарагі эксперымент, сутнасць і выкананне якога і выклікае асноўную частку абвінавачванняў у неэтычнасці. Рэжысёр стварыў у Харкаве савецкі Інстытут, які, згодна з сюжэтам, існуе з 1938 да 1968 года, засяліў яго людзьмі, абазначыў некалькі схематычных гісторый, у рамках якіх павінны былі дзейнічаць асноўныя персанажы, і праз схаваныя камеры стаў сачыць, як акцёры існуюць у гэтым таталітарным паралельным свеце. Калі аўтары бачылі, што адбываецца нешта вартае ўвагі, яны прыходзілі на пляцоўку ўжо з прафесійнымі камерамі.

Выканальнікі роляў, вядома, разумелі, што іх здымаюць, і ў любы момант маглі спыніць ход дзеянняў альбо забараніць уключаць у фільм тыя ці іншыя сцэны са сваім удзелам. Аўтары ж, бачна, у гэтае заведзенае кола не ўмешваліся, прынамсі, амаль не ўмешваліся, затое спраўна ўсё фіксавалі, таму ў частках праекта можна ўбачыць непрыхаваны сэкс (адкуль параўнанне з порна), катаванне ў засценках НКУС праз увод рыльца бутэлькі ў похву альбо рэальнае забойства свінні неанацыстамі.

І хоць усё гэта задумвалася як баёпік пра фізіка і нобелеўскага лаўрэата Льва Ландау, яно стала нечым значна шырэйшым за яго — Ландау пераўтварыўся ў Дау і аказаўся толькі адным з многіх персанажаў — а гэта чатырыста герояў і дзесяць тысяч статыстаў.

У праекце амаль не задзейнічаны прафесійныя акцёры — замест іх сусвет «Дау» занялі прадстаўнікі інтэлігенцыі, беспрацоўныя альбо, скажам, прастытуткі. Ролю Дау выканаў знакаміты дырыжор Тэадор Курэнтзіс, а, напрыклад, кіраўніком НКУС стаў некалі сапраўдны афіцэр КДБ Уладзімір Ажыпа, адсюль і бездакорны ў сэнсе пераканаўчасці эпізод з жорсткім допытам буфетчыцы ў «Дау. Наташы».

У адказ на ўсю гэтую гісторыю з боку публікі і прафесіяналаў, канешне, узніклі лагічныя пытанні. Ці варта было аднаўляць у XXI стагоддзі таталітарную савецкую сістэму? Якія мастацкія задачы вырашае ўключэнне ў апавяданне такога натуральнага, адкрытага сэксу? Ці не меў на здымачнай пляцоўцы месца псіхалагічны і фізічны гвалт? Ці не з’яўляецца адзінай мэтай «Дау» шакаваць гледача?

Прынамсі, на падазрэнні аб фізічным гвалце адказаў аператар «Дау» — не хухры-мухры чалавек, а вядомы нямецкі майстар Юрген Юргес, што працаваў з Ханеке, Вендэрсам і Фасбіндэрам, — маўляў, не, фізічнага гвалту падчас здымак не было. Дарэчы, менавіта за аператарскую работу журы Берлінале ўзнагародзіла «Наташу» «Сярэбраным мядзведзем».

Усе астатнія пытанні здымаюцца пасля прагляду, калі становіцца зразумела, што наколькі б вусцішна не было ад убачанага, гісторыя кіно дагэтуль не ведала нічога падобнага і цяпер любы іншы фільм побач з «Дау» выглядае архаічным. Гаворка, вядома, не толькі пра антрапалагічны інтарэс: людзі ва ўмовах таталітарнага рэжыму, іх агідныя паводзіны і брыдкія праявы — адно з самых шакуючых задавальненняў ад кіно, якія дагэтуль можна было атрымаць. Але таксама пра тэкстуру фільма — без зважанняў на традыцыйныя каноны яна пляцецца даўжэзнымі эпізодамі і дзіўна жывой фактурай, якія ўтрымліваюць увагу без усялякіх драматургічных прыёмаў.

Безумоўна, «Дау», які, па сутнасці, стварыў самабытныя і дагэтуль нябачныя кінамову і эстэтыку, можна лічыць новым словам у гісторыі кіно — пытанне цяпер у тым, як яно паўплывае на будучыню мастацтва кіно. «Мы жылі, як мы жылі», — сказала актрыса Наталля Беражная на прэс-канферэнцыі Берлінале і дадала, што ў выпадку з «Дау» мы маем справу з ах**нным рэжысёрам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Ірэна Кацяловіч

5
меркаванне / Адказаць
17.04.2020 / 18:34
 а, напрыклад, кіраўніком НКУС стаў некалі сапраўдны афіцэр КДБ Уладзімір Ажыпа, адсюль і бездакорны ў сэнсе пераканаўчасці эпізод з жорсткім допытам буфетчыцы ў «Дау. Наташы».
https://nn.by/?c=ar&i=250233
  У мяне пытанні, каб разумець і пра ўсё астатняе:
- той кіраўнік нкус сам прыдумляў як будзе катаваць буфетчыцу, ці гэта было прапісана у сцэнары. 
- І іншыя розныя сцэны дзеючыя асобы самі прыдумлялі па ходу справы ці ім давалі заданні, што нешта павінна адбыцца, а яны ўжо дзейнічалі па свайму густу?
10
ЯНКА / Адказаць
17.04.2020 / 19:28
★ «Дау» без у кароткага? Дзякуй, забірай назад! ★
4
Вацлаў / Адказаць
17.04.2020 / 21:08
Сёння яго не ўдасца прыткнуць ні да адной вядомай дэфініцыі сферы кіно.
Хржаноўскі - гэта Кэйдан Котар зь Synecdoche, New York Чарлі Каўфмана.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру