Папулярнае брытанскае выданне The Guardian напісала матэрыял пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі: як успрымае гэтую пандэмію дзяржава і як грамадзянская супольнасць спрабуе дапамагчы дактарам.

Журналіст газеты заўважае, што Беларусь прыцягнула да сябе ўвагу свету за «запозненую рэакцыю, працягваючы праводзіць адзіны ў Еўропе футбольны чэмпіянат, паколькі Аляксандр Лукашэнка назваў гэтую пандэмію «псіхозам».

«Сістэма аховы здароўя ў Беларусі падтрымліваецца валанцёрамі і краўдфандынгавымі кампаніямі, бо краіна змагаецца з пандэміяй каранавіруса, якую прэзідэнт не рашаецца прызнаць», — мяркуе журналіст.

Тым часам праваабаронца і валанцёр Андрэй Стрыжак стаў сузаснавальнікам ініцыятывы #bycovid19 для краўдфандынгу, набыцця і дастаўкі абсталявання і ахоўнага адзення медыкам, адзначае брытанская газета.

«Наша мэта — пераканацца, што гэтая сістэма не абваліцца, — сказаў ён. — У многіх месцах, напрыклад у Віцебску, мы бачым, што тут вельмі складаная сітуацыя, крытычная сітуацыя. Ёсць шмат хворых, і шмат хто з медыкаў хворыя».

Стрыжак разам з камандай з дзясяткаў добраахвотнікаў і НДА сабралі значную суму грошай для куплі абсталявання і адзення для лекараў.

«Самая складаная сітуацыя з рэспіратарамі, — сказаў ён. — Калі вы паглядзіце на афіцыйныя лічбы ўрада, нашы пастаўкі складаюць значную частку [ад агульнай колькасці]».

Валанцёры імкнуцца падкрэсліць, што іх праца носіць апалітычны характар, адзначаючы, што Міністэрства аховы здароўя ўсё часцей гатова вітаць іх дапамогу.

«Для нас сапраўды важна хутка рухацца проста цяпер, таму што хвароба распаўсюджваецца ў Беларусі з неверагоднай хуткасцю», — сказала Кацярына Сінюк, кіраўнік няўрадавай арганізацыі «Імёны», якая ўдзельнічае ў кампаніі #bycovid19.

Андрэй Стрыжак спадзяецца, што крызіс будзе прарывам для ўмацавання даверу да няўрадавых арганізацый краіны.

«Мы будзем працягваць працаваць, пакуль не ўбачым, што ўрад узяў сітуацыю пад рэальны кантроль і ў медыцынскага персаналу ёсць абсталяванне, неабходнае для выканання сваёй працы без страху», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0