На ютуб-канале «Народны рэпарцёр», які вядуць папулярныя на Брэстчыне блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, з’явіўся ролік «Колькі каштуе сумленне «Народнай волі»?» Прычынай стала публікацыя ў «Народнай волі» ад 14 красавіка 2020 года матэрыяла «Злая слепата».

У ім незалежнае выданне выступіла ў падтрымку пуску акумулятарнага завода, які пабудаваны недалёка ад Брэста. Ужо больш за год берасцейцы пратэстуюць супраць адкрыцця прадпрыемства, бо лічаць, што яно негатыўна адаб’ецца на экалогіі рэгіёну, а таксама здароўі жыхароў. Прайшоў не адзін дзясятак акцый пратэсту супраць завода, многіх людзей саджалі на суткі, давалі штрафы.

У выніку запуск завода быў адкладзены, на нейкі час сілавікі затрымлівалі ўласніка фірмы «Ай Паўэр» Віктара Лемяшэўскага, які будаваў завод. Нават Аляксандр Лукашэнка на 1000-годдзі Брэста сказаў, што ў гэтым супрацьстаянні ён на баку людзей.

Тым не менш, на мінулым тыдні брэсцкі акумулятарны ўсё ж прайшоў экспертызу і, калі нічога не зменіцца, усё ж будзе запушчаны. Актывісты адказалі шэсцем у цэнтры горада.

«Злая слепата», — так «Народная воля» ахарактарызавала дзеянні праціўнікаў завода. «Праз гэта вось амаль ужо як год заблакаваны пуск найноўшага акумулятарнага завода пад Брэстам. Каласальны ўрон нанесены не толькі інвестарам, але і дзяржаве», — пішацца ў артыкуле. 

Блогеры даведаліся, што пад псеўданімам «Ніканораў» хаваецца журналіст «Народнай волі» Алесь Сівы. «Я ўвогуле не хацеў ставіць свой подпіс, бо майго там увогуле нічога няма, я толькі тэлефанаваў вам, каб даведацца меркаванне», — сказаў Сівы. Па словах журналіста, другім аўтарам публікацыі нібыта выступіў галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч.

«НН» патэлефанавала Іосіфу Паўлавічу, каб дазнацца яго меркаванне.

«Я атрымаў яшчэ адзін ліст наконт гэтай публікацыі і літаральна зараз адказваю на яго: «Шаноўны, калі вы можаце абвергнуць хоць адзін факт, прыведзены ў артыкуле «Злая слепата», я з задавальненнем надрукую ваш адказ. У той жа час адзначу, што «Народная воля» не займаецца палітыканствам, дэмагогіяй, з якога боку гэта б ні зыходзіла». Гэта самае я магу адрасаваць і тым, хто накручвае нейкія ролікі: канкрэтная дыскусія, канкрэтнае абмеркаванне праблемы», — сказаў спадар Сярэдзіч.

«Любая рэдакцыя мае права на выкарыстанне псеўданімаў, гэта не забаронена заканадаўствам. Але якое гэта дачыненне мае да фактуры? Вы, даражэнькія апаненты «Народнай волі», абвяргайце канкрэтныя факты, калі яны ёсць. Але ўся гэтая свістапляска ў выглядзе палітыканства на старонках «Народнай Волі» не праходзіць. Вы ж ведаеце, як «Народная воля» ставіцца да прафесіяналізму ў журналістыцы.

І што, самавучкі-блогеры будуць вучыць нас, прафесіяналаў, журналістыцы? А калі хочаце вучыць, то ўступайце ў сур’ёзную дыскусію, апелюйце фактурай, і калі мы дзесьці памыліліся, то гатовыя вас выслухаць», — кажа рэдактар.

Выказаў Іосіф Паўлавіч і сваё стаўленне наконт акумулятарнага завода. «Я на 1000% упэўнены, што завод гэты будзе працаваць. Ёсць заключэнне, станоўчае, дзяржаўнае. Што яшчэ трэба? Можна ж выступіць і супраць МАЗ, і супраць МТЗ, але падставы павінны быць. Я сам буду выступаць супраць прадпрыемства, калі яно будзе наносіць урон экалогіі ці здароўю людзей, але фактура павінна быць! А займацца эмацыйнай эйфарыяй — розуму вялікай не трэба. «Народная воля» не будзе ісці на повадзе ва ўлады ці апазіцыі. Мы будзем адстойваць праўду».

Блогер Аляксандр Кабанаў, як адзін з аўтараў роліка «Колькі каштуе сумленне «Народнай волі»?» таксама падзяліўся з «НН» сваімі думкамі на гэты конт.

«Цягам апошняга месяца званілі мне, і не толькі мне, журналісты «Народнай волі», задавалі пытанні. Потым выйшаў такі артыкул, калі мне скінулі спасылку, то ў мяне валасы сталі старчма. Уражанне было, што інтэрв’ю бралі не ў нас, а ў супрацоўнікаў акумулятарнага завода.

Інфармацыя была пададзена абсалютна перавёрнута.

Таму мы і зрабілі ролік, каб адказаць. «Народная воля» пазіцыянуе сябе, як незалежнае СМІ, але нават кіраўнік Брэста Рагачук падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі сказаў, «што гэта такое». Нават ён разумее, што там усё перакручана», — лічыць Кабанаў.

Мы спыталі ў блогера, чаму, на ягоную думку, «Народная воля» змясціла такі матэрыял? «Я не ведаю ўсіх гэтых падводных камянёў і гульняў, але я ведаю рэпутацыю кампаніі «Ай-Паўэр» і ведаю, што яны гатовыя плаціць любыя грошы каму заўгодна, каб толькі абяліць свой вобраз. У мяне ёсць падазрэнні, што гэты артыкул праплачаны. Тым больш, што журналіст Алесь Сівы, які нам тэлефанаваў, стаў казаць, што ён ні пры чым, нават подпіс не хацеў свой ставіць пад артыкулам.

У нас ёсць усе дакументы, мы звыкліся запісваць усе тэлефонныя размовы. Шчыра кажучы, асабіста мне было непрыемна, што я з імі стасаваўся, спрабаваў нешта растлумачыць. А што тычыцца іміджу, то публікацыя ў «Народнай волі» на гэта ніяк не паўплывала. У Брэсце ва ўсіх ёсць інфармацыя. Той жа Рагачук казаў, калі нават чайнік купляеш, то даюцца дакументы, а тут прадпрыемства не можа прадставіць дакументы на абсталяванне. А ў публікацыі гаворыцца, што дакументы ёсць і з імі ўсё ў парадку. На мой погляд, публікацыя праплачаная», — адзначае Аляксандр Кабанаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?