Фота з тэлеграм-канала «Мінск цяпер»

Фота з тэлеграм-канала «Мінск цяпер»

У гарадах у школы прыйшла меншасць дзяцей, пры гэтым дыстанцыйнае навучанне пакуль арганізавалі мала якія школы, дый яно больш падобнае да самастойнага, чым да рэальна дыстанцыйнага.

У беларускіх школах адбыўся першы навучальны дзень пасля вясновых канікул, якія падаўжаліся два разы ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. 16 красавіка Мінадукацыі заявіла, што 40% вучняў гатовыя прыйсці ў школы, а для астатніх магчыма дыстанцыйнае навучанне. «Наша Ніва» звярнулася да школьных настаўнікаў і бацькоў, каб даведацца, колькі ж вучняў сёння сапраўды прыйшлі ў школу. 

У Віцебску, дзе вялікая колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруса, у класах школы №11 збіралася каля 30% вучняў, сцвярджае настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

«Н-кі» тым, хто адсутнічае, канечне, ставіла, таму што можна было пісаць заявы, каб не ісці ў школу. Пра дыстанцыёнку ў нас размовы не вялося».

Настаўніца 22-й школы з Гомеля кажа, што на яе занятках па англійскай мове, дзе і так дзяцей разбіваюць на групы, не было і 50% вучняў.

«Такое наведванне звычайна бывае напрыканцы чвэрці, а не ў пачатку, — дадае настаўніца. — Але сёння толькі першы дзень, не ведаем, што будзе заўтра. І «н-кі» пакуль што не ставілі.

Тым, хто не прыйшоў, дасылаем заданні па месэнджарах». 

Настаўніца школы №116 у Мінску расказвае, што ў іх школе ў некаторых класах ёсць па 5 чалавек, дзесьці ёсць і па 8:

«Але ж многія з тых 5-8, хто сёння на занятках быў, сказалі, што заўтра ўжо не прыйдуць. Пра дыстанцыйнае навучанне ў нашай школе размовы не было: я думаю, наша сістэма гэтага не вытрымае. У нас настаўнікі нармальна прымаюць, што дзіця можа застацца дома, толькі іх бацькі мусяць напісаць заяву і выслаць яе на адрас школы». 

У 49-й школе Мінска заданні школьнікі атрымліваюць па электронных дзённіках, але ж гэта, дадаюць настаўнікі, не дыстанцыйнае навучанне, а самастойнае:

«Н-кі» мы пакуль не ставім, таму што ў класах добра калі 10 вучняў было. Але нават пры такім дрэнным наведванні мы ўсё роўна праводзім заняткі».

У Мінску заняткі сёння праводзіліся нават і для аднаго вучня ў класе, дзе звычайна збіраецца 32 чалавекі. 

«Мой сын вучыцца ў 175-й школе, і яго аднакласнік сёння прыйшоў адзіны, — расказвае маці шасцікласніка. — Але дамоў яго не адпусцілі.

Мой сын сёння ў школу не пайшоў і не пойдзе. Па-першае, у сувязі з усёй сітуацыяй страшна за дзіця, а па-другое, маё малодшае дзіця зараз хварэе, і ніхто дакладна мне сказаць не можа, гэта звычайная прастуда ці гэты вірус. Таму мы ўсе сядзім дома, каб пазбегнуць заражэння яшчэ каго-небудзь.

Мне перад канікуламі патэлефанавала настаўніца, спытала, ці будзе мой сын хадзіць у школу. Я сказала, што не, тым больш ён і так прастуджаны быў. Яна тады спытала: 

— Дык што, калі эпідэміялагічная сітуацыя будзе трымацца да канца года, ён да канца года хадзіць не будзе? 

— Так, не будзе. 

Вось яна была не задаволеная гэтым».

У чэрвеньскай школе №4 (Мінская вобласць) наведванне таксама вымушае жадаць лепшага. Па словах маці дзяцей, што ходзяць у пачатковую школу, у адным з трэціх класаў сёння прыйшло 4 чалавекі, у адным з другога — крыху больш — «7 ці 8». 

«Мае дзеці ў школу не пайшлі, — расказвае жанчына. — У сувязі з абстаноўкай у краіне я б хацела, каб дзеці заставаліся дома як мага даўжэй. Гэтым жа мы можам дапамагчы і дактарам — мы знізім ім нагрузку ў будучым, як мінімум. 

У нашых класах усе бацькі лічаць, што лепш школьнікаў пакуль што з дома не выпускаць, каб стрымаць гэтую хвалю. І настаўнікі нічога супраць не маюць, калі кажам, што нашы дзеці не ідуць у школу, толькі пытаюць у нас, хто дакладна застанецца дома.

А вось мінчанка, маці дзвюх дачок 170-й мінскай школы вырашыла ўсё ж адправіць сёння дзяцей у школу:

«Справа ў тым, што іх ў мяне дзве, а з трэцім я цяпер у дэкрэце сяджу, — распавяла «Нашай Ніве» жанчына. — У мяне проста не атрымаецца растлумачыць ім потым усю праграму. Тры тыдні канікул прайшлі, дома яны нічога не хочуць рабіць самастойна. Тым больш, у школе нам сказалі, што ўсё прадэзынфіцыравана, а я дала ім маскі і антысептыкі, як належыць. 

Нам таксама сказалі, што дзеці не будуць па кабінетах хадзіць — да іх самі прыходзяць настаўнікі. Клавіятуры камп’ютараў таксама апрацоўваюцца сродкамі спецыяльнымі. Вось толькі не ведаю, як там з фізкультурай.

Але ж я дакладна не ведаю: паходзім пару дзён, паглядзім, што і як там. У 6-м класе адной з маіх дачок сёння было 5 чалавек.

Настаўнікі нас прыходзіць не прымушалі, толькі заяву пісаць, калі не прыходзіш. Яны тыдзень таму рабілі апытанне, ці згодныя бацькі на дыстанцыйнае навучанне, усе пагадзіліся. Але, я так зразумела, раз ужо дазволілі прыходзіць у школу, то дыстанцыёнка адмяняецца. 

Віруса я не баюся, нашая сям’я рэдка хварэе. Людзей больш страшыць паніка, якая нагнятаецца», — кажа яна.

Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта займаецца пераважна дыстанцыйна. Адпаведныя заявы напісалі бацькі ліцэістаў.

Цікава, што па профільных прадметах і тых прадметах, якія школьнікі выбралі для здачы на экзаменах, дыстанцыйныя заняткі ішлі нават у часе, калі ў іншых школах краінах былі падоўжаныя канікулы.

«Я вельмі задаволены і тым, як арганізавана дыстанцыйнае навучанне і як мая дачка вучыцца аддалена. Гэта па-свойму важны досвед, які прывучыць яе да самастойнасці і канцэнтрацыі для здабывання ведаў у неспрыяльных умовах», — кажа тата ліцэісткі-выпускніцы.

«Наш 4-ы клас займаецца дыстанцыйна, — расказаў нам таксама тата адной з вучаніц 23-й беларускамоўнай гімназіі Мінска. — У нас і да вакацый больш за палову вучняў ужо не хадзіла на заняткі», — адзначае ён.

«Як па-мойму, то Мінадукацыі змарнавала час, — кажа настаўніца біялогіі з Гродна. — Трэба было адразу ў сакавіку ўсё рыхтаваць для дыстанцыйнага навучання. Знайсці платформу, выпрацаваць методыку аператыўна. Бо пакуль адбываецца поўны хаос. «Хто как хаціт, той так і вучыцца».

«Усе ж не верылі, што такое можа быць, — дапаўняе яе педагог з Мінска. — Думалі, што нашу краіну міне. А цяпер… Журналы яшчэ не запаўняем. Чакаем загадаў зверху. А настаўнікі вымушаны займацца з тымі, хто прыйшоў, і неяк працаваць з тымі, хто дома. Сказалі, каб накапляльнасць адзнак была. А як гэта зрабіць — ніхто не ведае», — кажа яна.

У яе на занятках сёння было тры чалавекі з 22-х. Заўтра абяцалі дадацца яшчэ два. «У паралельным класе было 7 з 21, у пятых было 7, 6, 4. У 10-х 6 і 8, у 11-м 14 — рэкорд», — расказвае яна.

«Гэта ўсё вельмі і вельмі складана і хаатычна», — кажа настаўніца з Гродна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?