Трамп заявіў, што падпіша ўказ аб часовай забароне іміграцыі ў ЗША. Такім чынам ён плануе захаваць працоўныя месцы амерыканцаў і працягнуць барацьбу з распаўсюджваннем каранавіруса, піша rbc.ru.

«У святле нападу з боку нябачнага ворага, а таксама неабходнасці абараніць працоўныя месцы нашых выдатных амерыканскіх грамадзян я падпішу ўказ аб часовым прыпыненні іміграцыі ў Злучаныя Штаты!» — напісаў Трамп ў Twitter.

На мінулым тыдні Трамп абвясціў пра паэтапнае зняцце каранціну ў ЗША і дазволіў уладам штатаў самастойна адмяняць уведзеныя антывірусныя абмежаванні.

На першым этапе ў ЗША адчыняцца спартыўныя пляцоўкі і залы, а на наступным — запрацуе большая колькасць грамадскіх устаноў, у тым ліку бараў, і людзі атрымаюць поўную свабоду перамяшчэння.

Людзі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, падчас першых двух этапаў працягнуць выконваць каранцін. Выйсці на вуліцу яны змогуць толькі на трэцім этапе, калі будзе знята пераважная большасць абмежаванняў, якія тычацца працы грамадскіх месцаў.

Паводле Міністэрства працы ЗША, на мінулым тыдні заяву аб атрыманні дапамогі па беспрацоўі падалі 5,2 млн амерыканцаў, паведаміў Bloomberg. Усяго за апошні месяц працу ў краіне страцілі звыш 20 млн чалавек, хоць да эпідэміі дапамогі па беспрацоўі атрымлівалі менш за 2 млн чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0