21.04.2020 / 13:51

Віктар Марціновіч: Праблема не ў Лукашэнку, не ў Караніку і не ў Ярмошынай 47

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра сённяшнюю беларускую сістэму і тое, чаму адказнасць за яе ляжыць на кожным з нас.

Чытаючы гэтымі днямі шматлікія раз’юшаныя водгукі, што на розныя лады перапяваюць сказаную зверху лухту, я думаю вось што: як гэта стала магчымым? Як магло зрабіцца так, што жыццё і здароўе 9 мільёнаў чалавек завязалася на неабачлівасць ці, наадварот, на афігенны розум і інтуіцыю толькі аднаго ўладара?

І ёсць адчуванне, што суайчыннікі моцна памыляюцца, калі завязваюць усё на Лукашэнку.

Калі паддаюцца спакусе адрасаваць свае адчуванні ад хваробы толькі яму.

Калі ля раскошнага гандлёвага цэнтра ты бачыш танаваны «Лэнд Крузер» са спецыяльнымі нумарамі, ты думаеш: ну вось яна, абсалютная ўлада. У гэтай тачцы ездзіць нехта ўсёмагутны, «дзякуючы» якому мы цяпер там, дзе мы ёсць. А потым назіраеш, як да машыны падыходзіць абвешаны торбамі паўнаваты дзядзёк з рухлівымі перапужанымі вачыма, і разумееш: не, ён — не ўлада. Ён, можа, возіць тую ўладу. Ці ахоўвае яе. Але ён — такая ж нямоглая істота, як і ты сам. Ён баіцца гэтаксама як ты.

Тое, што адбываецца цяпер са статыстыкай па захварэлых, са статыстыкай па смерцях, — вынік не волі аднаго чалавека. Гэта сістэма. Вынік «справы медыкаў», пра якую вы, вядома ж, чыталі.

Аднаго цэнтра вы не намацаеце, як бы ні імкнуліся. Куды б вы ні сунуліся, каго б ні назіралі, нават на ўзроўні міністра ці віцэ-прэм’ера (ці нават вышэй), вы пабачыце тыя ж рухлівыя вочы.

І, дарэчы, гэта не Лукашэнка прыдумаў гэтую сістэму. І не Ярмошына выбудавала феномен беларускіх выбараў. Так было заўсёды, не верыце — пачытайце тую аповесць Андрэя Федарэнкі, у якой лірычны герой успамінае, як ладзіў у школцы выбары за часамі Кебіча. Тое самае шоу. Тая самая «элегантная перамога», забяспечаная такімі ж перапужанымі вінцікамі.

Хто прыдумаў гэты лад? Хто ёсць бацькі сістэмы, заснаванай на страху? Можа, Сталін? А можа, усё пачалося яшчэ раней?

У «Ціхім Доне» Шолахава ёсць страшны момант: 1917 год, безуладдзе пасля лютаўскіх падзей і адрачэння цара, «вертыкаль» адышла да Часовага ўрада, а бальшавікі стварылі свае паралельныя саветы, якія абвясцілі сябе адзінай «народнай» сілай. І вось Шолахаў малюе спрэчку паміж прыхільнымі да бальшавікоў казакамі і афіцэрам, які камандуе іх палком. Афіцэр яшчэ трымаецца той, папярэдняй, «чалавечай» логікі і этыкі, якая паблякла з адыходам манарха, ён вядзе сябе «па-людску», як манархіст і хрысціянін.

І адзін з казакаў дастае пісталет і страляе таму афіцэру проста ў рот. Далей вельмі дакладна (Шолахаў, выглядае, ведаў, што робіцца з чалавекам, якому куля пападае ў галаву) апісваецца, як афіцэр падае і «салодка цокае языком», паміраючы. Ён сплёўвае выбітыя стрэлам зубы. А бальшавікі-казакі трыумфуюць у адчуванні перамогі «новай» логікі.

Вось адсюль, з гэтай сцэны, вырастае сістэма, якая панавала ў краіне саветаў усё ХХ стагоддзе і якая пануе сям-там дагэтуль. У чым памыляліся рэвалюцыйныя казакі — дык гэта ў тым, што пасля зрынання «афіцэраў» наступіць «народны парадак», кіраваць якім будуць рабочыя і сяляне. Наступіла такая ж брыдзь, толькі страху і расстрэлаў зрабілася нашмат больш (манархісты, напрыклад, не маглі дапусціць, што дэзерціраў падчас Першай сусветнай можна расстрэльваць).

Той, каму некамфортна жыць у Савецкім Саюзе, мусіць прапанаваць свой менавіта сістэмны падыход. І калі я чытаю пра альтэрнатывы, ідэі якіх віруюць у галовах магчымых сапернікаў, я бачу, што яны ўсе — спрэс такія ж савецкія людзі. Здольныя нарадзіць (ці падтрымаць уласнымі рукамі) такую ж сістэму, заснаваную на страху. І нічога тое не зменіць.

Любая альтэрнатыва мусіць працаваць з асноўным складнікам сістэмы — грамадзянамі.

І калі раптам нехта вырашыць сыграць Каліноўскага ці Ісуса Хрыста і прапанаваць узгадаваным гадамі таталітарызму перапужаным суайчыннікам свет дабра і справядлівасці, скончыцца гэтак жа, як скончылася кар’ера «лагоднага» Дзмітрыя Мядзведева (быў такі палітык у Расіі).

Калі такі ўладар прабярэцца на самы верх, здымуць яго праз некалькі гадоў тыя самыя сяляне з наганамі ў шурпатых руках.

То, ведаеце, годзе наракаць.

Лукашэнка — гэта мы.

Кожны з нас.

Ярмошына, Каранік — гэта ўвасабленне нашага разумення таго, як мусіць быць збудаваны свет.

Любы, хто гучна лямантуе цяпер, мусіць прапанаваць нешта прынцыпова іншае, у чым не праглядаліся б акуляры Берыі ці вусы Сталіна.

Я не кажу, што гэта прынцыпова немагчыма і не спрацуе з сістэмай каштоўнасцяў постсавецкіх беларусаў. Ва ўкраінцаў жа, нарэшце, нешта атрымалася, хай сабе і з нюансамі. Ці ў палякаў (там нюансаў яшчэ больш). Ці ў літоўцаў. Усе гэтыя альтэрнатывы неідэальныя, але яны ёсць і яны трываюць.

Але да такіх вось сістэмных зрухаў усім нам трэба прызвычаіцца да думкі, што адказнасць — на кожным з нас.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

71
Той самы / Адказаць
21.04.2020 / 14:07
Паважаны Віктар, Вы добры пісьменьнік... Паверце, лепш займайцеся тым, што ў Вас добра атрымліваецца - пісаць мастацкія кнігі.

Калектыўная адказнасьць - гэта прыдумка таталітарнай сістэмы, і не трэба яе старацца    прапагандаваць...


41
Жвір / Адказаць
21.04.2020 / 14:11
Če-pu-cha... U kalhasie šukaj ahuļnuju adkaznasc`,..a na mianie nie naviesvaj.
22
Злюка / Адказаць
21.04.2020 / 14:14
Я бы  не наезжала на Караника, не известно еще, чего стоит этому человеку делать то, что делается в противоэпидемических мероприятиях в стране, учитывая коронапсихоз в голове у главного вирусолога. :)
Паказаць усе каментары/ 47 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру