president.gov.by

president.gov.by

Лукашэнка даў дабро на экспарт ахоўных масак пасля насычэння нацыянальнага рынку. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў сёння падчас наведвання ў Бабруйску прадпрыемства «Славянка», паведамляе БелТА.

«Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампенсуем тыя выдаткі, якія панеслі, закупляючы маскі па ўсім свеце».

Як далажыў губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц, у яго рэгіёне штодня расходуецца 20 тыс. ахоўных масак, а адшываюць — каля 470 тыс. «Трэба прадаваць, калі ёсць попыт. Просяць жа расіяне, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць? Трэба дапамагчы людзям, — падкрэсліў кіраўнік краіны. — Усе прадаюць маскі. Гэта істотны тавар. Паглядзіце на Кітайскую Народную Рэспубліку. Я думаю, яны ўжо мільярд масак прадалі. Таму трэба вырабляць і прадаваць».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз удакладніў, ці сапраўды ў вобласці і краіне закрытыя патрэбы медустаноў і аптэк у сродках індывідуальнай абароны. Яго запэўнілі, што праблем з гэтым няма, калі дзесьці гэтыя вырабы адсутнічаюць, то гэта кропкавыя пытанні, якія хутка вырашаюцца. У суткі ў Беларусі шыюць больш за 2 млн масак. Да вытворчасці падключаныя як буйныя прадпрыемствы, так і малы бізнес, адукацыйныя і сацыяльныя ўстановы. Прычым гэтая праца была арганізавана практычна з нуля — яшчэ пару месяцы таму ў краіне выраблялі толькі 60 тыс. масак у суткі.

Лукашэнка падкрэсліў: калі ў нейкіх аптэках няма масак ці цана на іх моцна завышаная, з імі варта цвёрда разабрацца. «Заўтра яны павінны быць зачыненыя. Ніякіх узгадненняў!

Вы іх атрымалі. Я ўсіх папярэджваў: не дай бог, мы выявім нейкую спекуляцыю і іншае. Таму вырашайце ў вобласці ўсё самі, ні да якога Міністэрства аховы здароўя не трэба звяртацца. Міністэрству аховы здароўя трэба лячыць людзей», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0