Сёньня галоўнаму рэдактару недзяржаўнага выдавецтва «Тэхналёгія» Зьміцеру Санько ‑ 60.
Ягоная выдавецкая дзейнасьць надзвычай плённая. Толькі запачаткаваная ім сэрыя «Нашы славутыя землякі» налічвае ўжо больш за трыццаць назваў. А яшчэ слоўнікі, энцыкляпэдычныя даведнікі «100 пытаньняў і адказаў па гісторыі «Беларусі», а потым шматкроць перавыдадзеныя «150 пытаньняў
Прафэсійны біёляг, кандыдат навук з пасьпяховай пэрспэктывай Зьміцер Санько трыццаць гадоў таму кінуў усё гэта і пайшоў простым рэдактарам у выдавецтва «Навука і тэхніка». На пытаньні знаёмых адказваў, што працуючы ў лябараторыях з адным хімічным рэчывам дастаў алергію. Тое было толькі напалову праўдай.
«Галоўным было тое, што я імкнуўся быць карысным сваёй Бацькаўшчыне. Гэта былі сямідзясятыя гады — час татальнай русыфікацыі і дэнацыяналізацыі, і мой выбар быў усьвядомленым. Да таго часу я быў ужо чалавекам са сфармаваным сьветапоглядам, за што шчыра ўдзячны найперш сваім бацькам».
Не філёляг Зьміцер Санько стаў стваральнікам папулярнага расейска‑беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразэм і выдаўцом шмат якіх іншых беларускіх слоўнікаў.Не гісторык Зьміцер Санько стаў ініцыятарам выданьня і рэдактарам энцыкляпэдычных даведнікаў «100 пытаньняў і адказаў па гісторыі «Беларусі», а потым шматкроць перавыдадзеных «150 пытаньняў…» Ён падахвоціў пісьменьніка Ўладзімера Арлова і гісторыка Генадзя Сагановіча да стварэньня «10 вякоў беларускай гісторыі», якую адрэдагаваў і перавыдаў ужо некалькі разоў. Ён запачаткаваў і рэдагуе сэрыю «Нашы славутыя землякі», выдае беларускамоўную матэматычную энцыкляпэдыю, факсымільна перавыдае «Нашу ніву» — усяго не пералічыць. Кнігі з друкарскага варштата спадара Санько ўжо утвараюць дыхтоўную бібліятэку, а ён сёньня не сьвяткуе, а робіць новыя:
«Нарэшце ўбачыць сьвет пяты выпуск факсымільнага выданьня «Нашай Нівы», дзе будуць сабраныя пад адной вокладкай гадавікі ад 1912 да 1915 году.Рыхтуем да выданьня ў сэрыі «Нашы славутыя землякі» кнігу пра знакамітага матэматыка Соф’ю Кавалеўскую. У той самай сэрыі выйдзе кніга пра Марціна Пачобута‑Адляніцкага, нашага астранома. Выйдзе таксама чарговы том нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Віцебскай вобласьці…»
Кожная новая беларуская кніжка на крок скарачае русыфікацыю Бацькаўшчыны —з такім крэда галоўны рэдактар недзяржаўнага выдавецтва «Тэхналёгія» сустракае сваё шасьцідзесяцігодзьдзе.