Медсястра Наталля Шматко працавала ў Мінскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Ёй было 56 гадоў.

«Мама працавала ў кабінеце стаматалогіі. У той корпус амаль што ніхто не хадзіў, і яны стараліся асабліва нікуды не выходзіць. Вытрымлівалі ўсе патрабаванні па ахове працы — маскі надзявалі, пальчаткі», — расказвае сын Дзяніс.

У пятніцу, 11 красавіка, у жанчыны паднялася тэмпература, пасля з’явіўся кашаль. У панядзелак Наталлю паклалі у яе ж бальніцу.

«У той жа дзень зрабілі камп'ютарную тамаграфію і тэст на каранавірус. Прыйшоў станоўчы вынік. А на наступны дзень увечары маму перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх», — кажа сын.

16 красавіка медсястру перавялі ў рэанімацыю 4-й гарадской бальніцы. У суботу зрабілі пераліванне імуннай плазмы, але лепш жанчыне не станавілася.

(Некалькі дзён таму РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій паведамляў, што шукае людзей, якія перахварэлі на каранавірус і гатовы стаць донарамі плазмы для лячэння іншых пацыентаў.)

20 красавіка жанчына памерла. Заключэнне аб смерці сям'і яшчэ не выдалі. Хаваць медсястру будуць у закрытай труне. Сын кажа, што ў маці не было хранічных захворванняў. Хіба толькі трохі ціск непакоіў часам.

Наталля Шматко — ветэран працы. 38 гадоў яна аддала медыцыне.

«Гэта жыццярадасны чалавек і выдатны медык», — адгукаецца пра маму сын.

Каранавірус выявілі таксама ў яе мужа, ён цяпер знаходзіцца ў бальніцы з запаленнем лёгкіх. Станоўчы вынік і ў бабулі Дзяніса, але ў яе сімптомаў няма.

«Мы цяпер з бабуляй удваіх жывем у кватэры. Кожны дзень мераем тэмпературу, пакуль, здаецца, усё добра», — кажа хлопец. У яго самога каранавірус не пацвердзілі.

У бальніцу сёння паехаў і брат Дзяніса. У яго апошнія дні трымалася павышаная тэмпература, але вынікі тэста на каранавірус пакуль невядомыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?