31.03.2009 / 17:57

«Працэс чатырнаццаці»: дзе цяпер яго ўдзельнікі? 9

Большасць з іх былі асуджаныя да «хатняй хіміі», Кім трапіў у калонію. Чым цяпер займаюцца маладзёны? Як склаўся іх лёс пасля прысудаў? Карэспандэнт «НН» паразмаўляў з удзельнікамі «Працэсу 14-ці».

Арышт Арцёма Дубскага ўзняў новую хвалю цікавасці да ўдзельнікаў «Працэсу чатырнаццаці». У красавіку, траўні і снежні летась суд Цэнтральнага раёну сталіцы пакараў 14 маладзёнаў за ўдзел у прадпрымальніцкай акцыі 10 студзеня.

Большасць з іх (11 чалавек) былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, так званай «хатняй хіміі», двое — да штрафаў, Андрэй Кім трапіў у калонію. Чым цяпер займаюцца маладзёны? Як склаўся іх лёс пасля прысудаў? Карэспандэнт «НН» паразмаўляў з удзельнікамі «Працэсу чатырнаццаці».


Арцём Дубскі

Пачнем усё з таго ж Арцёма Дубскага. Пасля прысуду хлопец з’ехаў у родныя Асіповічы. Займаўся раздрукоўкай і наборам тэкстаў. Пасля таго, як на хлопца завялі новую крымінальную справу за ўхіленне ад адбыцця пакарання, ён з’ехаў ва Украіну. У суседняй краіне Дубскі прабыў толькі пару месяцаў.

13 лютага «маладафронтаўца» арыштавалі ў Гомелі, калі хлопец ехаў у Мінск на вулічную акцыю да Дня святога Валянціна. З таго моманту Дубскі знаходзіцца за кратамі. 3 сакавіка над ім ужо адбыўся адзін з двух запланаваных крымінальных судоў — па нібыта скрадзенай сімцы. Справу закрылі, але Арцёма не вызвалілі. Цяпер ён чакае наступнага працэсу — паводле артыкулу 415 КК («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»).


Максім Дашук
Паводле таго самага артыкулу крымінальная справа была заведзеная супраць адзінага непаўналетняга ўдзельніка справы Максіма Дашука. Праз свой узрост і адсутнасць мінскай прапіскі хлопец так і не змог уладкавацца на працу, таму фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. З дому яму дазвалялася выходзіць толькі на дзве гадзіны ў суткі — ад дзесятай да дванаццатай раніцы.

Вясной у Максіма памёр бацька, таму яму часта даводзілася дапамагаць маці, якая працуе прадпрымальніцай. Міліцыянты вынеслі Дашуку чатыры папярэджанні. Адну ноч хлопец правёў у следчым ізалятары, пасля чаго пракурор памяняў меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Калі пройдзе суд, яшчэ невядома. Паводле 415 артыкулу Дашуку пагражае да трох гадоў зняволення.


Андрэй Кім
Андрэй Кім адзіны, хто быў асуджаны да зняволення ў рамках «Працэсу чатырнаццаці». Ён атрымаў паўтара году калоніі нібыта за збіццё супрацоўніка ДАІ Сычова. Тэрмін актывіст адбываў у бабруйскай турме, адкуль быў вызвалены 19 жніўня пад ціскам заходніх краін.

Па вызваленні Андрэй не зменшыў свайго ўдзелу ў палітычным жыцці, яго можна ўбачыць амаль на кожнай акцыі апазіцыі. Таксама Андрэй стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.


Аляксандр Баразенка

Аляксандр Баразенка таксама прасядзеў нейкі час у СІЗА на Валадарскага. Ён быў апошнім фігурантам працэсу. Справа ў тым, што Баразенка з’яўляўся студэнтам першага курсу факультэту паліталогіі Вроцлаўскага універсітэту. На суд ён прыняў рашэнне не прыязджаць, але ў кастрычніку, адчуваючы нейкую віну перад сваімі паплечнікамі, Аляксандр добраахвотна з’явіўся да следчага. Паўтара месяцу да суду ён правёў за кратамі.

Суддзя Наталля Вайцяховіч пакарала маладзёна годам абмежавання волі. «Хімію» Баразенка пачаў адбываць толькі пару тыдняў таму. Дарэчы, адбывае ён яе не дома ў Пінску, а ў сталіцы, бо засталася мінская прапіска яшчэ з студэнцкіх часоў. Працуе грузчыкам на прадпрыемстве «Скайфрут». «Праца нялёгкая, але я прывык да цяжкасцяў. Грамадскую дзейнасць не кідаю», — кажа А.Баразенка.

Тэрмін ягонага пакарання скончыцца першым, ужо напрыканцы жніўня. Што будзе рабіць потым, яснасці яшчэ няма, бо не зразумела, ці прымуць яго назад на навучанне па праграме Каліноўскага. Не выключае варыянту, што будзе паступаць у адзін з беларускіх ВНУ.


Міхаіл Пашкевіч
Міхаіл Пашкевіч працуе ў выканкаме АГП, займае пасаду начальніка ўпраўлення па працы з рэгіёнамі. Менш актыўным у палітычным жыцці Пашкевіч не стаў. Як быў заўважны на вулічных акцыях, так і застаецца.

А чаго толькі варты ягоны выступ на з’ездзе БРСМ, куды хлопец патаемна трапіў разам з Франакам Вячоркам.

У лютым Міхаіл Пашкевіч узначаліў моладзевае крыло АГП — «Маладых дэмакратаў». Літаральна на наступны дзень Міхаіла адмовіліся аднаўляць на гістфаку БДУ, адкуль яго выключалі на апошнім курсе літаральна за некалькі тыдняў перад абаронай дыплому. Цяпер спаслаліся на тое, што няма вольных месцаў. У пачатку сакавіка Пашкевіч атрымаў ад міліцыі першае папярэджанне, бо ў вызначаны час не быў дома.


Алесь Стральцоў
Алесю Стральцову пашанцавала ўжо пасля прысуду ўладкавацца на працу па спецыяльнасці ў закрытае акцыянернае таварыства «ТВК». Працуе ў сферы замежнай эканамічнай дзейнасці, займаецца закупкай посуду за мяжой.

«Літаральна на наступным тыдні ў мяне намячаецца рабочая паездка ў Турцыю, каб правесці перамовы з партнёрамі. Пакуль не зразумела, ці выпусцяць мяне за мяжу. Завёз ужо ў міліцыю цэлую кіпу папер, можа, і дазволяць», — кажа А.Стральцоў.

Увогуле ж, у міліцыі хлопец адзначаецца раз на два тыдні. Папярэджанняў не было. Палітычную актыўнасць Стральцоў крыху абмежаваў. Як кажа, зусім не з прычыны «хіміі», а хутчэй тых працэсаў, якія адбываюцца ў БСДП.


Алесь Чарнышоў
Алесь Чарнышоў працуе ў адным грамадскім аб’яднанні, якое займаецца гуманітарнай дзейнасцю. «Звычайная «хімія», нічым не лепшая і не горшая, чым у астатніх, думаю», — кажа А.Чарнышоў.

Праблемаў з міліцыяй у яго не было.

«Адзіны непрыемны момант, які адбыўся, дык гэта тое, што давялося забраць дакументы з універсітэту. Летам паступіў ва універсітэт культуры на факультэт культуралогіі, але дзённае навучанне не прадугледжваецца падчас адбыцця «хіміі», — гаворыць А.Чарнышоў.


Міхаіл Субач

Павел Вінаградаў

Аляксей Бондар
Міхаіл Субач працягвае займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю разам з жонкай. «Грамадскую дзейнасць на дадзены момант абмежаваў», — кажа «хімік». Тым больш, дзіця нядаўна нарадзілася.

Павел Вінаградаў працуе слесарам на фірме. «Праверак няма. Усё спакойна», — гаворыць хлопец.

Некаторыя ж фігуранты справы з’ехалі з краіны. Напрыклад, у Маскве цяпер жыве Аляксей Бондар.

«Пасля прысуду жыццё істотна змянілася, бо трэба было шукаць афіцыйнае працаўладкаванне, але браць на працу «крымінальніка», з якім могуць быць праблемы не вельмі і хацелі. Крыху спадзяваўся спачатку на рэакцыю міжнароднай супольнасці.

Але бліжэй да касацыйнага абскарджвання я разумеў, што трэба нешта рабіць, спадзявацца толькі на сябе. У той момант і пачалі з’яўляцца думкі аб пераездзе ў Кіеў ці ў Маскву. Чаму гэтыя гарады? Бо не хацеў прасіць палітычны прытулак, усё ж мне не пагражала фізічнае знішчэнне.

Спыніўся ў апошні момант на Маскве. Канечне, думаць аб пераездзе было цяжка, але ўсё вырашылася літаральна за тыдзень, так што не было шмат часу вагацца.


Тацяна Цішкевіч

Міхаіл Крываў

Антон Койпіш

Уладзімір Сяргееў
У Расіі займаюся выжываннем, працую, падтрымліваю сувязі з апазіцыйным расійскім асяроддзем, займаюся па магчымасці беларускімі справамі», — кажа А.Бондар.

Тацяна Цішкевіч цяпер навучаецца па праграме Каліноўскага ў Акадэміі фізічнага выхавання ў Вроцлаве, на трэнера па конным спорце.

У Беларусі Тацяна вучылася на аналагічнай спецыяльнасці, але пасля зняволення на Акрэсціна Цішкевіч адлічылі з ВНУ.

«Думала пра магчымасць паехаць вучыцца за мяжу на працягу трох месяцаў, але вырашылася канчаткова толькі за два дні да ад’езду.

За дзень да разгляду нашай касацыйнай скаргі, не вытрымала. Не шкадую, што з’ехала, трэба толькі пачакаць.

Першы час было вельмі цяжка, нават плакала, калі нехта пытаўся пра Беларусь. Цяпер ужо стала лягчэй», — кажа Т.Цішкевіч.

Звязацца з Міхаілам Крывавым не атрымалася. Паводле нашых звестак, хлопец з’ехаў працаваць у Ірландыю.

Таксама двое ўдзельнікаў працэсу былі асуджаныя да штрафаў — Антон Койпіш і Уладзімір Сяргееў.

Першы цяпер займае пасаду адказнага сакратара «Моладзі БНФ»,

другі — займаецца стварэннем руху «Маладая Беларусь», а таксама працуе токарам на МТЗ.

Зміцер Панкавец

0
Федзя / Адказаць
31.03.2009 / 18:04
"13 лютага «маладафронтаўца» арыштавалі ў Гомелі, калі хлопец ехаў у Мінск на вулічную акцыю да Дня святога Валянціна". Можа хопіць гэтае глупства пісаць? Самім ня сьмешна?
0
Алесь* / Адказаць
31.03.2009 / 18:28
звычайнае апазіцыйнае жыццё... Ніводнага не зламаў гэты перасьлед. Дубскі канешне жге...а так усё гут здаецца...
0
Ihar / Адказаць
31.03.2009 / 22:16
Гэта ўжо не апазыцыя - гэта "звычайная" грамадзянская пазыцыя, якая павінна быць насамрэч у кожнага беларуса.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру