Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з заклікам распачаць малітву аб дажджы, паведамляе catholic.by.

«У апошнія тыдні шмат краін у свеце — у тым ліку і Беларусь — змагаюцца з эпідэміяй каранавіруса. Акрамя гэтага цяжкага досведу, яшчэ адной нагодай да смутку з’яўляецца пануючая засуха, якая можа трагічна паўплываць на працу сельскай гаспадаркі», — гаворыцца ў звароце каталіцкага біскупа.

«У выніку ўзмацнення засухі прашу да ранейшай інтэнцыі малітвы аб спыненні эпідэміі далучыць таксама просьбу аб дажджы і абароне ад наступстваў адсутнасці ападкаў у сельскай гаспадарцы, садаводстве і агародніцтве. Усім, хто ўключаецца ў гэтую малітву, ад усяго сэрца ўдзяляю пастырскае благаслаўленне», — адзначыў Аляксандр Кашкевіч.