23 красавіка Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» запусціў у продаж дабрачынную серыю гадзіннікаў «Час дапамагаць». Новая мадэль створана для таго, каб дапамагчы медыцынскім работнікам падчас эпідэміі: усе атрыманыя сродкі пойдуць на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя.

На цыферблаце гадзіннікаў выгравіраваны надпіс: «Мая дапамога ўрачам супраць COVID-19». На заднім вечку корпуса вытворца змясціў словы падзякі медыцынскім работнікам на 17 мовах. Акрамя беларускага «дзякуй», там можна знайсці англійскае «thank you», украінскае «дякуємо», французскае «merci», польскае «dziękuję» і іншыя моўныя варыянты. Латуневы корпус дапаўняе яркі чырвоны нейлонавы раменьчык, які стане адметным знакам неабыякавага ўдзельніка акцыі. Мадэль устойлівая да ўздзеяння вільгаці: гадзіннік не баіцца кропель дажджу і пырскаў ад мыцця рук.

Гадзіннікі мадэлі «Час дапамагаць» ужо даступныя для заказу на афіцыйным сайце Мінскага гадзіннікавага завода. Кошт 69 BYN. Заказваючы, можна выбраць функцыю дастаўкі без кантакту з кур’ерам. Новую мадэль таксама можна набыць у афіцыйных крамах «Промня» па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 18 і 95.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0