Тэлеканал АНТ пракаментаваў выпадак з запісам перадачы «Наша раніца», падчас якой удзельніцу Вольгу Мжэльскую папрасілі не згадваць у эфіры імя нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч. 

— Абмяркоўвалі змест будучага сюжэту. Мяне папрасілі назваць жанчын, якія натхняюць. Я назвала сярод іх Святлану Алексіевіч. Мяне папрасілі назваць іншую гераіню, бо рэдакцыйная палітыка не прапусціць Алексіевіч, — распавяла «Нашай Ніве» ўдзельніца перадачы Вольга Мжэльская.

Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася па каментар да прэс-сакратара АНТ Ірыны Рамбальскай.

— Калі ўважліва праглядзець эфір АНТ або забіць у пошукавіку на нашым сайце імя Святланы Алексіевіч, вы ўбачыце, што Святлана часта згадваецца ў нашых матэрыялах. Больш за тое, два тыдні таму мы запрашалі яе ў адну з галоўных нашых грамадска-палітычных праграм «Аб'ектыўНа» з Дзмітрыем Бачковым, на што атрымалі адмоўны адказ.

Імаверна таму, што ў Святланы не было магчымасці прыйсці ў гэты дзень. Але мы заўсёды рады бачыць яе ў нас у эфіры і чакаем адказу на запрашэнне. Можам запэўніць, што ніякай рэдакцыйнай палітыкі няма і быць не можа.

Што тычыцца канкрэтнага выпадку, зараз праводзіцца наша ўнутранае расследаванне. Мы будзем рабіць высновы пасля гутаркі з канкрэтным журналістам, — сказала прэс-сакратар АНТ сайту БАЖ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0