Высокая тэмпература і вільготнасць, а таксама прамое сонечнае святло хутка знішчаюць каранавірус як у паветры, так і на розных паверхнях. Пра гэта паведаміў у чацвер выканаўца абавязкаў намесніка міністра ўнутранай бяспекі ЗША па навуцы і тэхналогіях Уільям Браян, выступаючы ў Белым доме. Ён прадставіў вынікі даследавання, праведзенага Міністэрствам унутранай бяспекі ЗША, піша tass.ru.

«Наша самае дзіўнае назіранне на сённяшні дзень у тым, што прамое сонечнае святло робіць моцнае ўздзеянне і выклікае гібель віруса як на паверхні, так і ў паветры. Аналагічны эфект мы назіраем і з [высокай] тэмпературай і вільготнасцю. Іх павелічэнне смяротнае для віруса», — адзначыў Браян.

Паводле яго звестак, пры ўздзеянні прамых сонечных прамянёў, тэмпературы ад 21 да 24 градусаў Цэльсія і вільготнасці ў 80% вірус пачынае гінуць праз дзве хвіліны, знаходзячыся на паверхні. Пры гэтым у паветры ён пачынае разбурацца ўжо праз паўтары хвіліны пры ўздзеянні прамых сонечных прамянёў, тэмпературы ад 21 да 24 градусаў і вільготнасці ўсяго ў 20%.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які прысутнічаў на брыфінгу, падсумаваў, што яшчэ трэба правесці дадатковыя выпрабаванні.

Вынікі даследавання французскіх навукоўцаў, апублікаваныя раней, былі не такія аптымістычныя. Паводле іх, вірус у арганізме цалкам гіне пры награванні да 92 градусаў цягам 15 хвілін.

Тэорыі ж пра ўздзеянне сонечнага святла і вільготнасці ўскосна супярэчаць высокія паказнікі смяротнасці ад каранавіруса ў такіх цёплых краінах, як Бразілія ці Інданезія. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0