У вышэйшай лізе прайшло пяць тураў. На вяршыні зноў трыумвірат неспадзяванак: Слуцк, Віцебск і Жодзіна, якія адабралі балы ў топаў. І хаця мінскае «Дынама» выйграла, правальны старт сезона каштаваў Сяргею Гурэнку працы — цяпер «Дынама» будзе руліць Леанід Кучук.

Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць найлепшы футбольны чэмпіянат у свеце.

Самыя гарачыя матчы мінулага тура прайшлі ў Салігорску і Віцебску. Спачатку «Слуцк» выстаяў удзесяцёх супраць «Шахцёра», прычым салігорцы і пенальці не забілі, а потым «Віцебск» здабыў справядлівую перамогу над брэсцкім «Дынама».

Барыс Панкратаў адбівае пенальці Дарка Бодула. Фота: ФК «Шахцёр».

Барыс Панкратаў адбівае пенальці Дарка Бодула. Фота: ФК «Шахцёр».

Лёс гульні вырашыў спрэчны эпізод: украінскі абаронца Брэста Яўген Хачарыдзі ў сваёй штрафной вырашыў цішком стукнуць гульца «Віцебска». Але эпізод не застаўся без увагі суддзі матча Сяргея Чыстова (у першым туры гэта ён прызначыў пяць пенальці) — чырвоная картка і 11-метровы ўдар, які рэалізаваў Іон Нікалаеску. 

Вось як скончыліся матчы пятага тура:

  • «Энергетык-БДУ» — «Гарадзея» 0:1 (35, Сарокін)
  • «Дынама-Мінск» — «Нёман» 2:0 (72, Гарапеўшэк; 90+3, Шыкаўка)
  • «Белшына» — «Смалявічы» 1:1 (80, Глябко (п) — 90, Барсукоў (п))
  • «Шахцёр» — «Слуцк» 1:2 (89, Каанда (аг) — 25, Казлоў; 45+1, Умар Бала)
  • «Іслач» — «Славія» 2:1 (63, Камароўскі (п); 73, Януш — 77, Нарх)
  • «Рух» — «Мінск» 1:0 (48, Сядзько) 
  • «Віцебск» — «Дынама-Брэст» 1:0 (87, Нікалаеску (п))
  • БАТЭ — «Тарпеда-БелАЗ» 0:0

Давайце паглядзім, што нас чакае ў наступным туры.

«Смалявічы» — «Дынама-Мінск»

Яшчэ не наступіў май, а ў «Дынама» — пара пераменаў. Акрамя новага трэнера, клуб атрымаў і новых гаспадароў. Цяпер кіраваць «бела-сінімі» будзе БФСТ «Дынама». Back to the roots, як кажуць.

Фота: ФК «Дынама-Мінск»

Фота: ФК «Дынама-Мінск»

У Леаніда Кучука ёсць неблагі шанец стартаваць з перамогі ў матчы з адным з аўтсайдараў. Трэнер ужо вярнуў з дубля Ігара Шытава, у якога былі праблемы з Гурэнкам, варта чакаць і іншых змяненняў.

Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа.

«Нёман» — «Энергетык-БДУ»

Пасля ўдарнага старту «студэнты» крыху запаволілі хаду і далі сябе абгуляць спачатку жодзінскаму «Тарпеда», а потым і «Гарадзеі». Нягледзячы на непрыемную серыю, ад першага месца мінчукі адстаюць усяго на адзін бал, таму вярнуцца можна даволі лёгка.

Але ці дазволіць ім гэта зрабіць «Нёман», якому балы яшчэ больш патрэбныя, — пакуль каманда Кавалевіча займае 14-ы радок. Хаця мы і прагназавалі няпросты сезон для гарадзенцаў, але, відавочна, гэта не тое месца, на якім мусіць быць «Нёман».

Прагноз «НН»: «Нёман» не прайграе.

«Славія» — «Мінск»

Яшчэ адна мінская каманда выдала ўдарны старт, але цяпер у «Мінска» серыя з трох паразаў, якая можа працягнуцца і ў Мазыры.

Сімпатычная «Славія» прайграла ў пятым туры «Іслачы», але мае шанцы зноў падабрацца бліжэй да лідараў табліцы. Варта таксама ўлічваць, што наперадзе мазырчукоў чакае матч у адказ у паўфінале Кубка Беларусі супраць БАТЭ. Таму Міхаілу Марціновічу трэба будзе сур'ёзна падумаць, як захаваць сілы перад гульнёй у Барысаве і дабіцца станоўчага выніку ў матчы чэмпіянату. 

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Гарадзея» — БАТЭ

«Гарадзея» — самая эфектыўная каманда вышэйшай лігі на сёння. Пасля няўдач у першых двух турах «цукровыя» здабылі тры перамогі з лікам 1:0 і аказаліся сярод лідараў.

БАТЭ максімальна няўдала гуляе ў Гарадзеі. Аднойчы там каманда ледзь не згубіла чэмпіёнства, потым там застаўся без працы Алег Дулуб, летась барысаўцы там таксама прайгралі. Таму з улікам нестабільнай хады па турнірнай дыстанцыі камандзе Кірыла Альшэўскага трэба зрабіць цуд.

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Дынама-Брэст» — «Шахцёр»

У красавіку Брэст і Салігорск гуляюць у футбол тройчы. На пачатку красавіка «Дынама» выйграла першы паўфінальны кубкавы матч з лікам 2:0, цяпер чарга паўтарыць вынік.

Але ёсць праблемы. У папярэдняй гульні былі выдаленыя асноўныя абаронцы берасцейцаў Габі Кікі і Яўген Хачарыдзі, і тут задачка для Сяргея Кавальчука, кім іх замяніць.

«Шахцёру» банальна не шанцуе. Па колькасці момантаў і ўдараў салігорцы мусілі лёгка перамагаць «Слуцк», але ў выніку саступілі. Здаецца, пералом наступіць тады, калі каманда Вернідуба здолее кагосьці ўпэўнена перамагчы, тады мы зможам пабачыць сапраўдную моц салігорцаў.

Прагноз «НН»: «Шахцёр» не саступіць.

«Слуцк» — «Белшына»

Першая з 2016 года сустрэча случчакоў і бабруйчан. Чатыры гады таму, пасля таго як «Белшыну» кінулі расійскія інвестары, клуб спрабаваў выратаваць сённяшні трэнер «Слуцка» Віталь Паўлаў. Але ў яго не атрымалася, пасля чаго ён пераехаў у Слуцк.

Бабруйская каманда займае апошняе месца, «Слуцк» — дзеліць першае. «Белшына» ні разу не перамагала случчакоў у гасцях. Усё складваецца ў чарговую перамогу «экс-цукровых», ці будзе так на самай справе?

Прагноз «НН»: «Слуцк» пераможа.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Рух»

Брэсцкая каманда нарэшце здабыла першую перамогу ў чэмпіянаце дзякуючы шыкоўнаму голу Паўла Сядзько. Гэта дазволіла «Руху» аказацца ў табліцы вышэй за БАТЭ, «Шахцёр» і мінскае «Дынама».

Павел Сядзько забівае пераможны мяч. Фота: ФК «Рух»

Павел Сядзько забівае пераможны мяч. Фота: ФК «Рух»

Але не варта расслабляцца: «Рух» чакае выезд да аднаго з лідараў, які выстаяў у гульні з БАТЭ. Ці абгуляюць канспекты Сяднёва канспекты Пунтуса?

Прагноз «НН»: «Тарпеда» пераможа.

«Іслач» — «Віцебск»

Закрывае тур вельмі цікавая афіша. «Іслач» нарэшце змагла перамагчы і сустракае «Віцебск» у добрым настроі.

«Віцебск» пакінуў трэнер па фізпадрыхтоўцы Віталь Мілюцін. Ён будзе дапамагаць Леаніду Кучуку ў мінскім «Дынама». Менавіта з Мілюціным звязваюць поспехі «Віцебска» ў 2018-м годзе, а з яго адсутнасцю — правал у леташнім сезоне.

Не будзем адмаўляць трэнерскі талент галоўнага трэнера «Віцебска» Сяргея Ясінскага, але будзе цікава паназіраць, як адаб'ецца на форме каманды сыход аднаго з трэнераў.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?