Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2019 | Наша Ніва

MEnsk
Разам з Samsung Galaxy S20 Ultra мы пачынаем праект MEnsk. Цыкл пра горад, яго дыханне і рытм, культуру і атмасферу, пра месцы і будынкі, пра людзей. Мінчукі адкрыюць нам дыяменты, прыхаваныя ў межах асобных раёнаў сталіцы, пакажуць мясцовыя славутасці і раскажуць пра тамтэйшыя парадкі. Цяпер, калі нам усім лепш stay home, – самы час пачаць віртуальнае падарожжа па Мінску, пра які не напішуць у турыстычных гайдах.
Камера 108 Мп (f/1,8) + 48 Мп (f/3,5) + 12 Мп (f/2,2) + 0,3 Mп, TOF 3D, відэа 8K@24 fps
Франтальная камера 40 Мп (f/2,2)
8 ядраў (2×Mongoose M5 @2,73 ГГц + 2×Cortex-A76 @2,50 ГГц + 4×Cortex-A55 @2,0 ГГц)
Аператыўная памяць (RAM) 12/16 ГБ, унутраная памяць 128/256/512 ГБ
Абарона IP68
Акумулятар 5000 мА·гадз., хуткая зарадка 45 Вт, бяздротавая зарадка 15 Вт
Памеры 167×76×8,8 мм
Вага 220 г
Увесь візуальны матэрыял для праекта MEnsk мы здымалі на камеру смартфона Galaxy S20 Ultra
Трактарны, Асмалоўка,
Каменка, Зялёны Луг,
Шабаны...

Кожны асобна ўзяты раён – гэта цэлы мікрасусвет, дзе бурліць жыццё.

Дык уключым зум
і паглядзім
пры набліжэнні,
што там адбываецца.
Тэрыторыя сучаснага Трактарнага завода раней называлася Архірэйскім гаем. Яго водгулле лёгка заўважыць у вялікай колькасці дрэваў. Трактаразаводскі – даволі зялёны раён у параўнанні з іншымі часткамі Мінска. Дарэчы, не ўсе ведаюць, але каб не Другая сусветная вайна, замест вядомага нам завода тут мог бы функцыянаваць авіяцыйны.
Любімы раён кіношнікаў
«Трактарны»
Збудаваны пасля вайны пад патрэбы работнікаў завода пасёлак увасобіў ідэю ідэальнага індустрыяльнага мікрагарадка. Па задуме тагачасных архітэктараў (у праектаванні бралі ўдзел Сямён Разенфельд і Веніямін Кастэнка), усё тут павінна было быць з густам і камфортам: вытанчаныя малапавярховікі з пілястрамі і ляпнінай, нармальная шчыльнасць, шырокія брадвеі для няспешных шпацыраў і добра развітая інфраструктура, калі ўсё побач, пад рукой.

Будоўля была абвешчана як адна з найважнейшых у краіне, так што Трактарнаму натхнёна прысвячалі вершы, нарысы і аповесці. Чаго толькі варты зборнік «Беларускі трактарны», дзе свае оды будоўлі і будучыні краіны ў звязцы з гэтым пакінулі і Броўка, і Брыль, і Танк.
Усё гэта, канечне, моцна кантрастуе з пазнейшай забудовай 1960–1970-х, тымі ж звыклымі для нас «хрушчоўкамі». Але мясцовыя жыхары і актывісты любяць і бароняць Трактарны ад зносу менавіта як жывы помнік гарадскога асяроддзя канца 1940-х – пачатку 1950-х.

За аўтэнтычнасць пасёлак любяць расійскія і беларускія кіношнікі. У краме з савецкай атмасферай па вуліцы Кашавога, 8 можна сутыкнуцца з якім-небудзь рускім акцёрам, які грае правінцыйнага мача, а чаргу па чабурэкі з масоўкі лёгка прыняць за сапраўдную. Тут часткова здымалі, напрыклад, такія стужкі і серыялы з гаваркімі назвамі, як «Гамункулус», «Замак на пяску», «Зіма мерцвякоў. Завіруха» і «Жураў-2».
Рассунуўшы сосны
Трактарны даўно стаў адным з любімых месцаў творчай інтэлігенцыі: на вуліцах часта можна сустрэць мастакоў, пісьменнікаў, архітэктараў, музыкаў, дызайнераў. Менавіта з-за гэтай атмасферы сюды ў свой час пераехаў культуролаг і выкладчык Максім Жбанкоў. Ëн, народжаны, дарэчы, у самым цэнтры Мінска, згадвае:
«Рацыянальна мне казалі: «Да ты што! Трактарны? Там жа шкоднае прадпрыемства, дрэннае паветра, старыя хаты. Ды купі ты лепш кватэру ў Вільні».

Але ні гэта, ні праблемы з каналізацыяй і гарачай вадой, ні кампаніі выпівох, якія часам любяць збірацца пад вокнамі яго дома па Кашавога, 18, не змяняе прыхільнасці да гэтага месца.
Плячамi, што волат,
У лесе ўздымаецца
Трактарагорад!
«Я вельмі люблю архітэктуру чалавечага вымярэння: калі ёсць цікавая кампазіцыя, калі 3–4 паверхі, неагрэсіўны гарадскі ландшафт, моцная перспектыва. Гэта не банальны спальнік, а мікрагорад са сваёй цікавай інфраструктурай і, галоўнае, вобразам.
У адрозненне ад таго, як бяздумна будуюць «мурашнікі» зараз, тут бачна сістэмнае мысленне: выпадковага няма, усё пралічана».
Максім расказвае, што падобныя дамы будаваліся для элітных трактаразаводскіх кадраў. Сам дом мае прыгожы, аддалены ад дарогі дворык, на ўваходзе ў які вас сустрэнуць скульптуры львоў. Унутры пад'ездаў – ляпніна з сярпамі і молатамі. Але галоўная фішка – мансардны тып кватэр на чацвёртым паверсе. Цяпер па гэтым адрасе яшчэ прапісаны сэканд-хэнд, а калісьці тут месцілася крутая двухпавярховая кнігарня, у якую цягнуліся з іншых раёнаў.
Архітэктура
чалавечага вымярэння
Чыноўнікам і ЖЭСу складана зразумець каштоўнасць гэтай забудовы. Ну, дамы і дамы. Старыя тым больш. Менавіта таму са сталай перыядычнасцю ўсплываюць пытанні пра знос і перасяленне. Так, пару гадоў таму раён пазбавілі аднаго з кварталаў у межах вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова. Па той жа прычыне на будынках пастаянна ўзнікае такі традыцыйны для нашых шыротаў ЖЭС-арт. Частка жоўтага будынка лёгка можа стаць пачварна зялёнай, бо іншай фарбы проста не было ў наяўнасці.
«Для мяне знос роўны вырванаму аркушу ў партытуры, замест якога застаецца прабел. Усё ж гэта можна разглядаць толькі як комплекс: тут няма супервыбітных будынкаў паасобку, але разам яны – праява якаснага сістэмнага мыслення. Тут ёсць адчуванне часу, бо ўсё ж гэта вінтажная рэч. Яна кранае, бо фактычна больш нідзе гэтага старога, лямпавага горада не засталося. Што мы маем? Ну, праспект Незалежнасці. Асмалоўку. Раён вакол метро «Аўтазаводская». І непасрэдна Трактарны, які безабаронны, бо нібыта не мае мастацкай каштоўнасці. Але і ў стандартнай індустрыяльнай забудове ёсць свая праўда і музыка. Цяпер многія дамы пасёлка занядбаныя – і гэта мінус. Але гэта толькі таму, што доўгі час яны разглядаліся як расходны матэрыял, які мусіў адпрацаваць сваё, а пасля яго варта прыбраць, каб набудаваць хмарачосаў, казіно ці гіпермаркетаў», – кажа Максім.
«Аўдыяманьякі з усяго горада збіраюцца тут са сваімі кружэлкамі. Шукаюць сваё, мяняюцца дыскамі. Неарыгінальны CD можа каштаваць рублі 4, фірмовы вініл – ад 15 і вышэй. Але клуб – гэта не пра грошы, а пра любоў. Пра смак палявання на файнае ды кайфовае. З апошняга я тут «злавіў» другі альбом Electric Light Orchestra і атрымаў неверагодную асалоду. Часам выходжу з метро пасля працы, іду па бульвары і мне файна. Не істотна, хто дзе (дарэчы, збольшага даволі далікатна) бухае і хто каму пысу пабіў. Мяне чапляюць перспектыва і прастора, якую прыемна лічыць сваёй. Тут жывеш нібыта на лецішчы. Калі ўсё крыху спарахнелае, паюзанае, але свойскае, мяккае, цёплае».
Пагуляць
у гарадкі
і пазнаёміцца
з русалкамі

«Я ведаю, што раней бульвар упрыгожвалі скульптуры футбалістаў і валейбалістак. Цяпер за спартовую атмасферу тут працягвае адказваць пляцоўка, дзе дагэтуль можна пагуляць у гарадкі. А яшчэ паглядзець на розныя спаборніцтвы».
На бульвары нам прапаноўвае сустрэцца і беларускамоўны блогер Ягор Тубелевіч. Для яго гэта месца – цэнтр кіпення жыцця раёна. Толькі тут на модным базары ў сезонным намёце можна набыць футра і іншае адзенне з Узбекістана, выбраць танную садавіну і гародніну ці мёд «Для сэрца» і ўшчыльную пазнаёміцца з карэннымі завадчанамі – рабочымі, якія адпачываюць пасля працы на лаўках.
Ягор акцэнтуе: першае, што яму спадабалася, калі ён сюды пераехаў, – адносная цішыня і адсутнасць вялікай колькасці кропак з фастфудам. Трактарны – гэта хутчэй пра бабуль, якія павольна займаюцца скандынаўскай хадою, і паесці яны могуць дома.

«Калі жыў на Каменцы, дзе гэтага проста пад завязку, заўсёды была спакуса нешта набыць і з'есці. А тут такога няма. Але калі вы ўсё ж захочаце набыць шаўрмы, то найлепшая на раёне, аб'ектыўна, у «Шаўрманцы».

Пункцік з ежай, якую адзначаюць мясцовыя, закрывае таксама культавая кропка «Сала тут», простая кавярня «Сям'я»,«Завіруха», якая нядаўна запрацавала і нагадвае хатку Бабы Ягі, і, канечне, любімы куток усіх хіпстараў – Mon Nom. Кавярня і вясельны салон рэанімавалі занядбанасць першага паверха знакамітага дома з русалкамі па вуліцы Клумава, 11. Першапачаткова ён прызначаўся для сапраўдных перадавікоў-стаханаўцаў. У 1990-я на гэтым месцы працавала крама «Водны свет», якая і дадала разынку ў выглядзе ляпніны з русалкамі, на фоне якой сфатаграфаваліся ўжо сотні інстаграмераў.
Недалёка ад бульвара – сучасны Дом фізкультуры, гісторыю якога нам распавядае паэт Віктар Жыбуль, жыхар Трактарнага ў трэцім пакаленні. Калісьці кватэру тут далі яго дзеду, былому вайскоўцу. Так будынак выглядаў яшчэ ў 2002 годзе.
Пасля ўжо зрабілі Дом фізкультуры, і прызначэнне больш не змянялася. «Я сам у школьныя часы хадзіў сюды на заняткі па вольнай барацьбе», – згадвае Віктар Жыбуль.

Адну з пазнавальных рыс Трактарнага – вежу і правае крыло гэтага будынка – дабудоўвалі ўжо пасля вайны. Па мясцовай легендзе, яе галоўнае прызначэнне – назіраць з добрай баявой пазіцыі за набліжэннем магчымых ворагаў па сумежнай магістралі.
«Гэты дом – адзін з даваенных (прынамсі яго цэнтральная частка), пра што сведчаць успаміны архітэктаркі Наталлі Макляцовай. Да таго, як пабудавалі ДК МТЗ, менавіта ён выконваў функцыю культурнага цэнтра. Тут месціліся танцавальная зала, кінатэатр на 500 месцаў, бібліятэка, чытальня, радыёвузел, розныя кабінеты, у якіх кансультавалі па ідэалагічных пытаннях».
Адшукаць усе скульптуры
і незвычайныя гаўбцы
Шпацыруючы па Трактарным, проста жалезна рэкамендуецца не глядзець сабе пад ногі, не гіпнатызавацца смартфонам, а падняць вочы вышэй. Агледзець драўляныя дзверы, якія яшчэ не замянілі на бяздушны пластык.
Ці зірнуць на гаўбцы. Яны тут – асобны від творчасці. Тыя жыхары, якія не прамянялі адкрытыя веранды-тэрасы на дадатковыя метры ў кватэры, цяпер могуць піць на іх гарбату ў крэслах і нават загараць, выцягнуўшыся ва ўвесь рост. Амаль як на курорце.
Яшчэ адна характэрная рыса раёна – скульптуры з гісторыяй рознай даўніны. У адным з дворыкаў Стаханаўскай вас сустрэнуць мядзведзікі, якія раней былі часткай фантана. А непадалёк ля ўвахода ў дом стаілася каляровая яшчарка. Непрыкметны каменьчык на дарозе каля дома па Грыцаўца, 13 можа быць часткай былога пастамента для скульптуры з хлопчыкам, які паліваў сябе з конаўкі. Але, бадай, самая вядомая застылая фігура тут – дзяўчынка з самакатам родам з 1950-х, што стаіць у дворыку ўсё той жа Стаханаўскай.

«Дзяўчынку шмат хто прымае за хлопчыка, бо яна стаіць даўно і, натуральна, у яе не раз адвальваліся коскі. Але, дзякуючы неабыякавым грамадзянам і камітэту тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, яе знешні выгляд пастаянна аднаўляецца. Дарэчы, скульптура мільгае ў некаторых кадрах фільма «Гамункулус» паводле аповесці Вольгі Іпатавай», – расказвае Віктар.

Калі раней уся моладзь тусіла ў Піянерскім скверы з яго драўляным караблём, па якім любілі лазіць усе, каму не лянота, летняй эстрадай і арэлямі (частка якіх захоўваецца і сёння), то цяпер, калі там дабудавалі царкву, галоўныя лакацыі для актыўнага баўлення часу – Антонаўскі парк, спартовая пляцоўка непадалёк ад яго з лесвіцамі, якія чымсьці нагадваюць пацёмкінскія ў Адэсе, і, канечне, скейт-парк з трэнажорамі побач з прахадной завода. Мясцовыя заклікаюць пашпацыраваць па Трактарным усіх, каму не хапае гарадской утульнасці і рэтра.

«Мне зараз вельмі няўтульна ў цэнтры хаця б праз тое, што зрабілі на Кастрычніцкай плошчы, што стала са старой Нямігай, як «аднавілі» фэйкавую Зыбіцкую. Мы там бачым грошы, але не бачым эмацыйнага камфорту, чалавечнасці. А тут яна яшчэ ёсць. Спадзяёмся, што яе не згубім», – выказвае надзею Максім Жбанкоў.
MEnsk. Раёны
КАРТА ПРАЕКТА
ТРАКТАРНЫ
Тэкст:
Кацярына Карпіцкая
Візуал:
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910