У Наваполацку каранавірусам заразіліся 13 медыкаў, захворванне ў іх працякае ў лёгкай форме, паведамляюць Народныя навіны Віцебска.

У наваполацкай бальніцы ўжо 28 пацыентаў з каранавіруснай інфекцый. Такім чынам, за мінулыя суткі колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася як мінімум на адзін, а агульная іх колькасць дасягнула 35.

Усяго ў бальніцы знаходзіцца 65 пацыентаў з пнеўманіямі, з іх 14 — каранавірусныя. 3 пацыенты з каранавіруснай інфекцый знаходзяцца ў рэанімацыі, але пакуль што ім не патрабуецца ШВЛ, пра гэта паведамілі на пасяджэнні гарадскога штаба па супрацьдзеянні COVID-19 у Наваполацку.

Таксама ў выпуску навін мясцовага тэлеканала «Звязда» прагучала інфармацыя пра тое, што сярод тых, хто заразіўся каранавірусам — 13 медыцынскіх работнікаў, але ў іх захворванне працякае ў лёгкай форме.

У Аршанскім раёне, па звестках занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, на сёння ўжо зарэгістравана 82 выпадкі каранавіруснай інфекцыі. Пакуль выздаравелі толькі 5 чалавек.

Галоўны лекар Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы Ілля Шандалесаў паведаміў газеце «Лепельскі край», што колькасць тых, хто заразіўся каранавірусам, дасягнула 11чалавек, такім чынам, за апошнія дзесяць дзён тут выяўлена 7 новых выпадкаў.

У Мёрскім раёне колькасць тых, хто захварэў, павялічылася да двух. За сем дзён тут зарэгістраваны адзін новы выпадак. Таксама ў раёне 20 хворых з пнеўманіямі.

Пра тое, што колькасць тых, хто захварэў, засталася на ранейшым узроўні — 4 чалавекі — паведаміў Верхнядзвінскі раён. На пнеўманію тут хварэюць 16 чалавек, адзін з якіх знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

У Бешанковіцкім раёне колькасць заражаных каранавірусам застаецца ранейшай — 30 чалавек, колькасць пацыентаў з пнеўманіяй зменшылася да 62 чалавек, паведамляе мясцовы райвыканкам.

Талачынскі раён застаецца чыстым ад каранавіруснай інфекцыі, інфармацыя пра гэта апублікавана ў газеце «Наша Талачыншчына».

Раённая газета Пастаўскага раёна прыбрала з галоўнай старонкі графічны банер, у якім апошнія дні паведамляла пра колькасць выпадкаў COVID-19. Ніякай іншай інфармацыі выданне не размясціла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0