Памёр вядомы банкір і дэвелапер Аляксандр Нелін, паведамляе яго знаёмы Юрый Васкрасенскі.

Аляксандр Нелін з'яўляўся заснавальнікам вядомага ў 1990-я і на працягу першай паловы 2000-х гадоў «Банка «Залаты Талер»». Банк быў створаны ім у 1994 годзе і стаў ядром адной з першых прыватных фінансава-прамысловых груп незалежнай Беларусі. Акрамя банка, у яе ўваходзілі страхавая кампанія «Слаўполіс» і сетка афтальмалагічныя клінік «Аптымед». У 1997-1998 гадах «Банк «Залаты Талер»» спрабаваў атрымаць першую ў Беларусі ліцэнзію на стварэнне і разгортванне мабільнай сувязі GSM у Беларусі, але саступіў альянсу «Белтэхэкспарту» і SB Telecom.

Дэвелаперскія кампаніі Аляксандра Неліна стаялі ля вытокаў забудовы гандлёвымі цэнтрамі Камароўскага рынку. У выніку канфлікт з былымі партнёрамі па гэтых будоўлях стаў прычынай затрымання ўплывовага бізнэсмена ў 2005 годзе. У 2007 годзе Аляксандр Нелін быў асуджаны на дзевяць з паловай гадоў пазбаўлення волі «за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і махлярства». У 2008 годзе «Банк «Залаты Талер»» купілі ліванскія кампаніі Fransa Holding і Fransabank і пераўтварылі яго ў Франсабанк. Банкір выйшаў на волю ў пачатку 2010-х, пісала пра яго «Заўтра тваёй краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0