Baj.by

Baj.by

Пра смерць Алега Белавусава даведаўся запозна – некалькі дзён запар быў, што называецца, адарваны ад жыцця. Піша Віталь Тарас.

Так вось атрымліваецца ў нашым жыцці. Калі чалавека ведаеш не адзін дзясятак гадоў, усё здаецца – яшчэ паспееш з ім пагутарыць, нешта пра яго напісаць, сказаць словы падзякі…

Здаецца, зусім нядаўна ён тэлефанаваў, каб выказаць спачуванні ў сувязі са смерцю майго бацькі, Валянціна Тараса. Яны былі знаёмыя даўно. А з маёй маці Рэгінай Бакуновіч яны разам працавалі некалі ў газеце «Літаратура і мастацтва». Пра сваю цяжкую хваробу – ведаў ён ужо тады пра жудасны дыягназ ці не – не сказаў нічога.

Уласна кажучы, уявіць, каб Алег Белавусаў на нешта скардзіўся, цяжка. Ён любіў жыццё ва ўсіх яе праявах. Часам паводзіў сябе экстравагантна. Былыя супрацоўнікі «ЛіМу» ўспамінаюць, як падчас рэдакцыйных застолляў малады журналіст‑мастацтвазнаўца, адпраўлены калегамі ў бліжэйшую краму, выскокваў у двор проста праз вакно на першым паверсе.

Для мяне Алег раскрыўся як асоба ў кастрычніку 1988‑га году, падчас устаноўчага сходу Мартыралогу Беларусі – свайго роду, правобразу БНФ. Ён быў тады сакратаром Саюзу кінематаграфістаў БССР і фактычна дапамог арганізаваць той сход. Мяне тады рэдакцыя «ЛіМу» выправіла ў Дом кіно зрабіць справаздачу са сходу, які правёў Зянон Пазьняк. Усяго праз пару тыдняў Алег Белавусаў адным з першых прыйдзе ў «ЛіМ», каб распавесці падрабязнасці разгону маршу на Курапаты, удзельнікам якога быў таксама.

На сходзе Мартыралогу прысутнічаў прадстаўнік ЦК КПБ па прозвішчы Бузук, які спрабаваў неяк умешвацца ў яго. Але сакратар СК Белавусаў ніколькі не тушаваўся перад ім і нават дазваляў сабе дзёрзкія рэплікі. Невысокага росту, мажны, з барадой, у нейкім модным яркім швэдры, поўны энергіі – ён выглядаў надзіва прыгожым. Такім і запомніўся.

Мне Алег Белавусаў тады падаваўся чалавекам вельмі паспяховым, упэўненым у сабе, дасціпным, раскаваным. Так яно і было, напэўна, на самой справе. Але як і кожны творчы чалавек, ён пакутаваў ад сумненняў. А яшчэ больш – ад нерэалізаванасці. Гэта можа падацца неймаверным. Як, заснавальнік Цэнтру беларускай мультыплікацыі, стваральнік эпахальных мультфільмаў «Несцерка» і «Песня пра Зубра», вядоўца папулярнай тэлеперадачы на 8‑м канале «У бары ў Алега», вядоўца аўтарскай праграмы радыё «Рацыя», прысвечанай гісторыі Мінска, аўтар некалькіх кніжак вершаў і прозы – і раптам пакутаваў ад нерэалізаванасці? Між іншым, ён дзяліўся некалі планамі паставіць мультыплікацыйны фільм паводле «Слова пра паход Ігаравы». Але ж не ў гэтым справа.

Сам дыяпазон зменаў у творчым жыцці (і не толькі творчым, але ж і ў асабістым) сведчыць пра тое, што ён увесь час шукаў сябе. І кожны жанр, кожны род заняткаў раскрываў у ім новыя грані таленту, але не даваў заспакоіцца на дасягнутым. Мне давялося некалькі разоў сустракацца з ім, калі ён шукаў працу. І не знаходзіў. Бо яму, пры ўсёй нястачы, якую ён даволі часта адчуваў, была патрэбна не любая праца, а толькі такая, якую ён лічыў годнай сябе. Таму, напэўна, надоўга і не затрымаўся ў «Советской Белоруссии».

Ёсць творцы, якія пакідаюць у спадчыну не толькі свае творы і не толькі сваіх дзяцей ды ўнукаў– яны пакідаюць у спадчыну, найперш, успамін пра сябе. Настолькі каларытнымі і неардынарнымі асобамі яны ёсць самі па сабе. Такім быў Алег Белавусаў.

Яшчэ адным каларытным менчуком (хоць ён і нарадзіўся ў Слуцку) стала менш. Яшчэ менш стала святла ў нашым з ім горадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?