Распрацоўку адзінай платформы для аддаленага навучання школьнікаў Беларусі могуць завяршыць да канца 2020 года. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь-1» сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, паведамляе БЕЛТА.

«Для нас жа не сакрэт, што і ў былыя гады былі дзеці, якія хварэлі або знаходзіліся на хатнім навучанні. Стварыўшы гэтую платформу, узяўшы лепшыя напрацоўкі, якія ёсць у школах, канкрэтных установах адукацыі, плюс спецыяльна падрыхтаваўшы тыя ці іншыя метадычныя напрацоўкі, думаю, што да канца года мы гэтую працу завершым. І гэтая платформа пачне дзейнічаць у Рэспубліцы Беларусь», — сказаў Ігар Карпенка.

Пры гэтым, зразумела, гаворка не ідзе аб замене класічнай адукацыі.

Міністр адукацыі адзначыў, што ў гэтай працы ўважліва вывучаецца вопыт калег з суседніх краін. Да дыстанцыйнай адукацыі маса пытанняў. У прыватнасці, Ігар Карпенка звярнуў увагу на пытанне матывацыі да вучобы: калі ў дзіцяці няма жадання вучыцца ў фармаце заняткаў у класе, то на «аддаленцы» яно таксама наўрад ці з'явіцца. «Мы нават па студэнтах сёння назіраем, вось я ўчора быў у Гродзенскім універсітэце. Ёсць студэнты, якія 2-3 гадзіны праводзяць на гэтай дыстанцыйнай платформе. А ёсць студэнты, якія зайшлі на 15 хвілін і ўсё.

Таму я яшчэ раз кажу: сёння дыстанцыйнае навучанне — гэта не панацэя. Гэта толькі дадатковыя магчымасці для развіцця сістэмы адукацыі», — рэзюмаваў міністр.

Таксама ён не бачыць праблемы ў тым, што заняткі ў школах аднавіліся. Паколькі ўнутры школьных сцен прымаюцца ўсе неабходныя меры бяспекі, дзеці знаходзяцца пад наглядам, а іх бацькам, многія з якіх працягваюць працаваць на сваіх працоўных месцах, не трэба турбавацца пра тое, як і дзе школьнікі праводзяць гэты час.