Photo News / lesoir.be

Photo News / lesoir.be

У Бельгіі ахвярай Covid-19 стаў адзін з апошніх ацалелых сведак Халакосту. 94-гадовы Анры Кічка памёр у суботу ў брусэльскім доме для састарэлых, піша «Радыё Свабода».

Анры Кічка ў гады Другой сусветнай вайны быў сярод выжылых вязняў нацысцкага канцлагера Асвенцім.

У студзені 2020 года ён распавядаў ВВС пра свой жыццёвы досвед, у прыватнасьці, назваўшы Асвенцім увасабленнем смерці. Яго сын Майкл Кічка напісаў у Фэйсбуку: «Мікраскапічны каранавірус дамогся таго, чаго не дамаглася цэлая нацысцкая армія. Мой бацька выжыў падчас «маршу смерці», але сёння завяршыўся ягоны марш жыцця».

Анры Кічка нарадзіўся ў Брусэлі ў 1926 годзе ў габрэйскай сям’і выхадцаў з Польшчы. Яго бацькі ўцяклі ад хвалі антысэмітызму ва Усходняй Еўропе, каб пачаць новае жыццё на Захадзе. Акупацыя нацыстамі Бельгіі не пакінула ім месца, дзе яны маглі б схавацца, і вельмі хутка, у 1942 годзе, яны былі дэпартаваныя.

Бацька хлопчыка павінен быў прымусова працаваць, у той час як жанчыны з яго сям’і, маці і сёстры, а таксама цётка, былі адпраўленыя ў Асвенцім, дзе вельмі хутка былі накіраваныя ў газавыя камеры, пасля чаго іх спалілі ў лагерных печах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0