Сёньня спаўняецца 120 гадоў са дня сьмерці Францішка Багушэвіча — беларускага паэта, які заклікаў да нацыянальнага абуджэньня. Амаль траціну свайго жыцьця ён правёў ва Ўкраіне, дзе атрымаў юрыдычную адукацыю і працаваў судовым сьледчым, піша «Радыё Свабода».

Францішак Багушэвіч. 1890-ыя гг.

У бібліятэцы Нежынскага ўнівэрсытэту сёлета з нагоды 180-годзьдзя Багушэвіча падрыхтавалі адмысловую выставу.

У Нежынскім аддзеле Дзяржаўнага архіву Чарнігаўскай вобласьці захоўваецца асабістая справа Францішка Багушэвіча. Сабраныя ў ёй дакумэнты на 38 старонках сьведчаць толькі аб юрыдычнай кар’еры беларускага паэта на тэрыторыі сучасных Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей Украіны.

Нежынскія архіварыюсы сьцьвярджаюць, што ня маюць дакумэнтаў аб літаратурнай дзейнасьці юрыста Багушэвіча, як і ўласна рукапісаў ягоных твораў на той час.

Літаратуразнаўцы пачалі больш пільна вывучаць украінскія старонкі жыцьця Багушэвіча ў канцы 1990-х. Першая сыстэмная праца, у якой аналізуюцца ўсе архіўныя дакумэнты, выйшла на пачатку 2000-х і належыць украінскаму філёлягу Рыгору Самойленку. Ён выкладчык Нежынскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — гістарычнага пераемніка Юрыдычнага ліцэю, які ў 1868 годзе скончыў Францішак Багушэвіч.

Хаваўся ад перасьледу пасьля паўстаньня

У Нежыне ў 1865 годзе, калі Францішка Багушэвіча залічвалі на навучаньне ў Юрыдычны ліцэй, ня ведалі пра ягоны ўдзел у антырасейскім паўстаньні 1863 году.

Што праўда, як сьведчаць архіўныя дакумэнты, адміністрацыя ліцэю цікавілася ягонымі паводзінамі ў Пецярбурскім унівэрсытэце, зь якога Багушэвіча адлічылі за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях. Менш як празь месяц пасьля падачы дакумэнтаў — пасьведчаньня аб навучаньні ў Пецярбургу, копіі ўказу аб паходжаньні і мэтрычных дакумэнтаў, Багушэвіч быў залічаны ў Нежынскі ліцэй.

Франц, Казіміраў сын, як прадстаўляў сябе Багушэвіч у афіцыйных дакумэнтах студэнцкага пэрыяду, два гады вучыўся ў ліцэі без стыпэндыі, а каб забясьпечыць навучаньне і аплочваць жытло, вымушаны быў займацца рэпэтытарствам.

У архівах захоўваюцца заявы Багушэвіча на імя дырэктара ліцэю з просьбай прызначыць стыпэндыю:

«Калі перайшоў на 2-і курс, я знайшоў магчымасьць неяк утрымліваць сябе дзякуючы рэпэтытарству і таму палічыў немэтазгодным турбаваць начальства сваёй просьбай пра стыпэндыю. На будучыню, жадаючы прысьвяціць больш часу сваёй уласнай адукацыі, я ня бачу магчымасьці забясьпечыць сваё існаваньне гэтай працай, бо аплата за яе вельмі мізэрная і патрабуе больш часу, чым я магу ёй прысьвяціць.

Я не атрымліваю дапамогі ад сваякоў з прычыны іхнай незабясьпечанасьці, і, дарэчы, апроч звычайных выдаткаў на жыцьцё, я, хворы, мушу траціцца яшчэ і на лячэньне. Усе гэтыя абставіны прымушаюць мяне зноў турбаваць вашу мосьць з нагоды прызначэньня мне стыпэндыі на будучыню».

Двойчы яму адмаўлялі праз «адсутнасьць адпаведных вакансій», а на трэці раз, калі Францішак прадставіў сьведчаньні трох мясцовых дваранаў, якія пацьвердзілі ягонае беднае становішча, стыпэндыю пачалі даваць.

Паводзіны выдатныя, веды добрыя

У Нежынскім ліцэі была вялікая бібліятэка і выдатная тэхнічная база для вывучэньня фізыкі, хіміі ды біялёгіі. Для кожнага з прадметаў былі разнастайныя навуковыя калекцыі і экспанаты — мінералаў, пудзілаў жывёл, а таксама мінц-кабінет (ад ням. Munze «манета») з калекцыяй старадаўніх манет.

Францішак Багушэвіч вучыўся добра і паводзіў сябе выдатна. Пра гэта сьведчыць экзамэнацыйная ведамасьць, якую ў сваёй працы цытуе Рыгор Самойленка.

Сярэдні бал атэстату, які Багушэвіч атрымаў у ліпені 1868-га, склаў 3,5 — у ліцэі ў той час веды ацэньваліся паводле чатырохбальнай шкалы і «чацьвёрка» была найвышэйшай адзнакай.

«Жадаючы прысьвяціць сябе дзяржаўнай службе»

У лістападзе гэтага ж году Францішак Багушэвіч піша заяву на імя чарнігаўскага віцэ-губэрнатара з просьбай залічыць яго на службу ў Чарнігаўскае губэрнскае праўленьне, дзе ён з 18 сьнежня 1868-га пачынае працаваць канцылярскім чыноўнікам.

Заява Францішка Багушэвіча аб дзяржаўнай службе

Заява Францішка Багушэвіча аб дзяржаўнай службе

На гэтай пасадзе ён адпрацаваў нядоўга; быў пераведзены на пасаду памочніка справавода. Атрымаўшы налета чын губэрнскага сакратара, ён папрасіў губэрнатара перавесьці яго ў палату крымінальнага і цывільнага суду ў якасьці кандыдата на пасаду судовага сьледчага. І ўжо зь сярэдзіны 1869 году ён пачаў займацца судовымі справамі.

Францішак Багушэвіч працаваў судовым сьледчым у розных паветах — Кралявецкім (цяпер Сумская вобласьць), Старадубскім і Чарнігаўскім. Але ў сакавіку 1871 году вымушаны быў падаць у адстаўку — пагоршыўся стан здароўя ў выніку атрыманага ў часе паўстаньня 1863 году раненьня. На пэўны час пасьля гэтага ён перавёўся судовым сьледчым у Валагодзкую губэрню, але ў 1872 годзе зноў вярнуўся ў Чарнігаўскую.

Павышэньня ў акруговы суд не адбылося

На пасадзе судовага сьледчага Францішак Багушэвіч працаваў вельмі аддана. Гэта ацанілі і жыхары гораду Канатопу (цяпер Сумская вобласьць, тады — Чарнігаўская губэрня), і мясцовае кіраўніцтва.

А пазьней і Міністэрства юстыцыі, якое прадставіла Багушэвіча да ўзнагарод: ён быў уганараваны спачатку ордэнам Сьвятога Станіслава, а потым і ордэнам Ганны. Абедзьве ўзнагароды мелі 3-ю ступень і ўручаліся вайсковым і цывільным службоўцам у чыне, не ніжэйшым за 12-ю клясу.

У архівах Нежына захоўваецца афіцыйнае міжведамаснае ліставаньне, якое сьведчыць пра тое, што Францішка Багушэвіча хацелі павысіць да чальца Нежынскага акруговага суду.

У фармулярным сьпісе пра службу Францішка Багушэвіча адзначаецца, што ён ня быў «у паходах, пад штрафам і сьледзтвам».

Як вынікае з адпаведных лістоў, яму далі выдатную службовую характарыстыку:

«Багушэвіч сваімі здольнасьцямі і настойлівасьцю ў службе цалкам варты пасады, якую ён просіць». Але прычыны, якія перашкодзілі яму стаць сябрам акруговага суду, невядомыя.

Пазьней будзе яшчэ адна спроба перайсьці ў іншы акруговы суд у Чарнігаўскай губэрні, але таксама марная.

У 1883 годзе, пасьля пагаршэньня здароўя, Францішак Багушэвіч напісаў заяву аб адстаўцы і пераехаў у Вільню. На загад Міністэрства юстыцыі яму пакінулі права насіць службовы мундзір адпаведна чыну.

«Службовая дзейнасьць Багушэвіча ва Ўкраіне адзначылася грамадзянскай прынцыповасьцю, сумленнасьцю, увагай да простых людзей, у прыватнасьці да беднай часткі сялянства. У пасьлярэформавы час асабліва часта ўзьнікалі зямельныя канфлікты паміж памешчыкамі і сялянамі. Архіўныя дакумэнты сьведчаць, што ён быў сьвядомым абаронцам інтарэсаў украінскіх сялянаў», — напісаў Рыгор Самойленка, украінскі дасьледчык біяграфіі беларускага паэта.

У Нежыне імем Францішка Багушэвіча назвалі адну з цэнтральных вуліц, а гарадзкая рада традыцыйна ўключае ўсе юбілеі беларускага паэта ў афіцыйны пералік памятных дат і гістарычных падзей гораду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?