photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

За такi час нованароджаны шпак ператвараецца ў самастойную птушку.

Насупраць майго акна вiсiць шпакоўня, кожную вясну мы ўсёй сям’ёй чакаем, калi наш крылаты сусед вернецца з цёплых краёў. Назiраем, як ён чысцiць пёркi, прыбiраецца ў сваёй хатцы, як цiкуе на галiнцы ля ўвахода. Невядома, як ён вызначае час, калi яму ляцець на Беларусь, але мы заўважылi адно: нават калi яшчэ навокал ляжыць снег i нiшто не абяцае добрага надвор’я, калi шпак прыляцеў — хутка пацяплее.

Прыслухайцеся да яго песнi, магчыма, так вы даведаецеся пра розныя краiны, у якiх ён пабываў, пра тое, што ён бачыў, з кiм побач жыў.

Ён здольны пераймаць асобныя чалавечыя словы i нават выразы, насвiстваць мелодыi.

Спявае ж гэтая птушка, каб паказаць, што яна гаспадарыць на пэўнай тэрыторыi, i каб прыцягнуць увагу самкi.

Некаторыя сакрэты птушынага царства раскрывае спецыялiст па прыродаахоўных пытаннях Грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Зуёнак: «Шпак, як i многiя iншыя птушкi, вяртаецца ў тыя мясцiны, дзе нарадзiўся.

Прычым, не проста ў сваю мясцовасць, а менавiта на сваё дрэва».

«А як жа гэтыя птушкi знаходзяць дарогу дамоў», — пытаюся ў Сяргея Васiльевiча?» — «Адзiнай версii на гэты конт няма. Магчыма, гэта перадаецца на генетычным ўзроўнi. Можа, яны арыентуюцца на магнiтныя палi. Многiя птушкi прывязваюцца да лагiчных маршрутаў, уздоўж рэчышчаў, горных хрыбтоў, па марскiм узбярэжжы».

Але цяпер, магчыма, гэта звязана з пацяпленнем клiмату, некаторыя шпакi наогул застаюцца зiмаваць у Беларусi, асаблiва на Брэстчыне i Гомельшчыне. А пракармiцца для гэтай птушкi не складзе нiякiх цяжкасцяў. Яе дзюба прыстасаваная да зандзiравання глебы i на праталiнах, яна знойдзе, чым пажывiцца. Акрамя таго, яна можа есцi шмат што — ад леташнiх ягад, да адходаў на звалцы.

Людзi памылкова думаюць, што вось павесяць шпакоўнi i птушачкi будуць дапамагаць iм сад даглядаць.
Але дзе там: калi шпакi кормяць птушанят, працэнтаў 80 iх рацыёну складаюць дажджавыя чарвякi, i лётаюць яны на палi часам за 2‑3 кiламетры. Асаблiва любяць хадзiць за трактарамi i на ўзараным полi збiраць чарвякоў i лiчынак насякомых, якiя жывуць у глебе. Карысцi ж для садоўнiка ад шпака не будзе, больш за тое, калi паспеюць вiшнi, гарэзлiвыя шпакi не супраць паразбойнiчаць па садах.
А вось калi павесiць на сваiм участку дамкi меншага памеру, разлiчаныя на больш дробных кватарантаў, такiх, як сiнiчкi, рудахвосткi, пярэстыя валасянiцы, тыя абавязкова аддзячаць за прыстанак.
Кормяцца яны насякомымi, якiх збiраюць на блiжэйшых дрэвах. Акрамя таго, яны больш часу будуць цешыць людзей, спяваць песнi. Тая ж мухалоўка робiць дзве кладкi на год i ў сваiм дамку затрымаецца амаль што да канца лiпеня. А ў шпака ўсё хутка — пасля прылёту у яго дзён 10 на адпачынак i спевы для заманьвання самкi, пасля тыднi два — на наседжванне кладкi, i каля месяца на выкормлiванне нашчадкаў. Птушаняты ўсяго за 14‑16 дзён з бездапаможных iстот ператвараюцца ў самастойных птушак. Да сярэдзiны мая шпакi пакiдаюць свой дамок, збiраюцца ў стаi на палях.

Дарэчы, жыць гэтая птушка можа ў дуплах, пад шыферам, у нiшы ў сцяне, за лiштвай.

Прынамсi, шпак выдатна прыжываецца ў людзей i адчувае сябе не горш, чым iншы хатнi ўлюбёнец.

І напэўна, толькi тут пры належным доглядзе ён здольны пражыць доўга — да 30 гадоў.
У дзiкай жа прыродзе малыя птушкi рэдка памiраюць ад старасцi, надта шмат шанцаў загiнуць ад разнастайных ворагаў i неспрыяльных умоў. Напрыклад, даследаваннi паказалi, што знайсцi ў прыродзе сiнiчку, старэйшую за тры гады, вельмi цяжка. Але нягледзячы на даволi складанае жыццё такой дробнай птушачцы, як шпак, пакуль нiшто не пагражае. Калi ў Еўропе колькасць шпакоў пачала скарачацца, у Беларусi яна застаецца стабiльнай:
сёння ў нас гняздуецца каля 1,5‑2 мiльёнаў асобiн.
А яшчэ гэта адна з самых распаўсюджаных птушак у свеце: яна сустракаецца нават у Аўстралii, Новай Зеландыi, Паўночнай Амерыцы.

Алена Дзядзюля, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0