Delfi

29 красавіка ўрад Літвы ўхваліў яшчэ некалькі паслабленняў: жыхары змогуць выязджаць за межы краіны, з 10 мая дазволяць аднавіць авіязносіны, на адкрытых прасторах змогуць праходзіць невялікія мерапрыемствы. Большая частка новых правілаў уступіць у сілу з 30 красавіка, піша Delfi.lt.

«Сітуацыя застаецца досыць добрай, трэба думаць, як ісці наперад з пэўнымі рашэннямі», — сказаў міністр аховы здароўя Аўрэліюс Вярыга. 

Адкрыюцца ўсе гандлёвыя месцы, уключаючы рынкі, дазваляюцца ўсе формы вольнага часу на адкрытым паветры пры бяспечнай дыстанцыі. Многія правілы, за выключэннем авіязносін, набудуць моц з 4 мая.

Да гэтага часу з Літвы маглі з'ехаць толькі грамадзяне іншых краін і асобы, якія выязджалі за межы краіны на працу. Да гэтага часу на рынках можна было прадаваць толькі прадукты харчавання. Цяпер дазволены гандаль усімі таварамі. Таксама дазволены больш свабодны парадак нашэння масак. Калі да гэтага часу ў грамадскіх месцах нельга было хадзіць без маскі (выключэнне тычылася толькі кафэ, дзе людзі ядуць і п'юць), то цяпер маску можна не насіць за межамі населенага пункта (горада, мястэчка, вёскі, хутары, садаводчага таварыства) і пры ўмове адсутнасці людзей паблізу ў радыусе 20 м.

Маскі таксама не трэба надзяваць у аўтамабілі, калі кіроўца і пасажыры — сваякі. Таксама плануюць аднавіць прадастаўленне планавых працэдур аховы здароўя, аднак бальніцы павінны пакінуць рэзервовыя ложкі для магчымых хворых на каранавірус.

Літва ўвяла строгі каранцін адной з першых. Па стане на 29 красавіка там 1375 хворых на каранавірус (505 на 1 млн чалавек), 45 чалавек памерлі.

У Беларусі паводле звестак Мінздароўя 13 181 выпадак каранавіруса (1 395 на 1 млн чалавек).

Учора Мінздароўя Літвы паведаміла, што памылкова залічыла 110 выпадкаў станоўчых тэстаў, таму іх адмінусавалі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?