У пятніцу некаторыя школы атрымалі схему, якая тлумачыць, як выстаўляць за чвэрць і год адзнакі ў гэтым навучальным годзе. У дакуменце сказана: калі вучань не ходзіць на заняткі па заяве бацькоў, то ў журнале ставіцца адзнака аб пропуску. За чацвёртую чвэрць ён будзе не атэставаны, гадавая адзнака выстаўляецца па выніках трох чвэрцяў, паведамляе Tut.by.

У схеме атэстацыі за чацвёртую чвэрць ёсць два галоўныя пункты. Як выставіць ацэнкі тым, хто ходзіць на заняткі, і тым школьнікам, якія засталіся дома.

З першымі ўсё проста: «Атэстацыя вучня ажыццяўляецца з улікам яго навучальных дасягненняў. Атэстацыя за год ажыццяўляецца па выніках чатырох чвэрцяў».

А як жа будуць ацэньваць тых, хто застаўся дома? Калі школьнік на індывідуальным навучанні (напрыклад, праз стан здароўя), то школа ці гімназія распрацоўвае для яго індывідуальны навучальны план, у журнале робіцца запіс «вывучае самастойна». «Па выніках 4-й чвэрці навучэнец атэстуецца, атэстацыя за год ажыццяўляецца па выніках чатырох чвэрцяў», — пазначана ў гэтай схеме.

Тыя дзеці, якія не выйшлі пасля вясновых канікул на заняткі і засталіся дома па заяве бацькоў, не будуць атэставаныя за чацвёртую чвэрць. Установа адукацыі даводзіць да школьнікаў навучальны план, але ў класным журнале ставіцца адзнака «н».

«Атэстацыя за год ажыццяўляецца па выніках трох чвэрцяў», — гаворыцца ў дакуменце. Гэта значыць складуць адзнакі за тры чвэрці і падзеляць на тры.

Адзін з настаўнікаў гімназіі Магілёўскай вобласці распавядае TUT.BY, што ў пятніцу падчас аператыўнай нарады была агучана менавіта гэтая схема. Хоць напярэдадні вырашалася іншае пытанне: як з гімназіі наладзіць сувязь з дзецьмі праз Zoom? Пасля гэтага распараджэння неабходнасць у такім дыстанцыйным навучанні адпала, бо дзеці не прысутнічаюць на ўроках.

— Нам сказалі, што прыйшоў ліст з Міністэрства адукацыі і распавялі ўсё слова ў слова, як у гэтай схеме, — кажа настаўнік, якому мы паказалі дакумент. — У бацькоў ёсць права пакінуць дзіця па заяве на паўтара месяца. Цяпер зваротную сувязь з дзецьмі праз Zoom можна не арганізоўваць: ацэнкі паставіць ім нельга, а з 23 красавіка тым, хто не ходзіць у школу, пачалі ставіць «н». Тое, што дзіця не атэставалі за чацвёртую чвэрць, нікуды ж не ідзе. У асабістай справе паказваюцца толькі гадавыя адзнакi.

Па словах настаўніка, цяпер у класе прысутнічае па 6-8 чалавек, у адным класе на заняткі прыходзяць 15 дзяцей. Наш суразмоўца адзначае: не так шмат дзяцей, якія знаходзяцца на хатнім навучанні. Перавесціся на яго досыць складана, такое рашэнне можа прыняць медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія.

— На хатнім навучанні, напрыклад, могуць быць дзеці з інваліднасцю ці тыя, хто зламаў нагу і не можа фізічна прысутнічаць у школе. Да такіх дзяцей настаўнікі ходзяць дадому, займаюцца і так іх атэстоўваюць, — дадае настаўнік адной з гімназій Магілёўскай вобласці.

У Мінадукацыі пацвердзілі інфармацыю аб тым, што дзеці ў чацвёртай чвэрці ў тым ліку будуць атэставаныя па той схеме, якую прывялі вышэй.

— Мы безбалюча выйшлі з гэтай сітуацыі. Усе дзеці будуць атэставаныя па выніках трох чвэрцяў альбо па выніках чатырох чвэрцяў, — пракаментавалі ў Міністэрстве адукацыі.

Нагадаем, 28 красавіка ў перадачы «У абстаноўцы свету» на СТВ начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч заявіў, што студэнты і школьнікі павінны асабіста прысутнічаць на атэстацыі.

— Калі дзеці не ходзяць на заняткі, гэтым самым прадухіляючы і для сябе, і для сваіх блізкіх магчымасць кантактаваць, напрыклад, з людзьмі, якія, дапусцім, маюць захворванні нават у схаванай форме, але на атэстацыю ўсё-такі яны павінны прыйсці. А наша задача, з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, — забяспечыць максімальна бяспечныя ўмовы, забяспечыць умовы, калі няма гэтых масавых навалаў. І тут, зноў жа, рашэнні бачацца, — казаў Каспяровіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?