Сёньня ў бібліятэцы Дому літаратараў працавала пісьменьніцкая талака. Найбольш каштоўныя рэчы, лісты, газэтныя падшыўкі перанесьлі ў кнігасховішча. Літаратурны фонд падрыхтаваны для адпраўкі ў адну зь бібліятэкаў у рэгіёне.

Дзе разьмесьціцца бібліятэка ў выгнаньні, удзельнікі сёньняшняй талакі прасілі дачасна не паведамляць. Але дакладна, што зь менскага кнігазбору, якому сёлета роўна трыццаць гадоў, у сталіцы застаецца толькі асобная частка. «Напярэдадні прэзыдэнцкая бібліятэка забрала каля васьмі тысяч кніг», – паведаміў кіраўнік справаў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Івашчанка.

(Івашчанка: ) «Падпісаныя дамовы на захаваньне нашай калекцыі. На сёньня прыпыненая праца зь бібліятэкай пэдагагічнага ўнівэрсытэту і ўнівэрсытэту культуры. Менавіта такім чынам разьвіваецца сытуацыя, бо на сёньня знойдзенае рашэньне дзеля таго, каб захаваць асноўны фонд. Пісьменьніцкі кнігазбор усё ж будзе захаваны».

Анатоль Івашчанка ўдакладніў, што да адпраўкі за межы Менску падрыхтавана больш як 35 тысяч тамоў. Упершыню ўдзельнічае ў такой працы малады беларускі паэт Усевалад Сьцебурака:

(Сьцебурака: ) «Зразумела, што ў наш час кніжак ужо ня паляць. Але, па вялікім рахунку, гэта інквізытарскі падыход. Кніжкі есьці ня просяць. Адзінае, што мажліва цяпер, дзякуючы высілкам сяброў Саюзу, знойдзенае належнае месца. Хаця зноў-такі – гэта пакуль пад пытаньнем».

А вось што гаворыць літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў:

(Сіўчыкаў: ) «У гэтай бібліятэцы я пачынаў быць за чытача, калі быў студэнтам філфаку. Дзякуй Богу, тут працавала Ніна Ўладзімераўна Адамчык – заўжды прыязна кансультавала, дапамагала адшукаць патрэбныя матэрыялы. Досыць балюча бачыць паўпустыя паліцы. Тым больш, што ўзьнікаюць успаміны, калі нешта падобнае я бачыў раней у Доме творчасьці й адпачынку «Іслач». Там бібліятэка была пераўтвораная ў більярдную залю, а кніжкі бязладна раскіданыя».

Як раней паведамляла Радыё Свабода, 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта – цяпер кіраўніцтва Саюзу мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.

Радыё Свабода