Былыя прэзідэнты і прэм'еры Польшчы ў адкрытым лісце заявілі, што не будуць галасаваць на «псеўдавыбарах», і заклікалі грамадзян паступіць гэтак жа, паведамляе RMF 24.

Ліст падпісалі экс-прэзідэнты і прэм'еры Польшчы Лех Валенса, Браніслаў Камароўскі, Аляксандр Квасьнеўскі, Марэк Белька, Ян Кшыштаф Бялецкі, Уладзімеж Цімашэвіч, Ева Копач, Казімеж Марцінкевіч і Лешак Мілер. Ліст апублікавалі на сайце «Форуму грамадзянскага развіцця», які ўзначальвае Лешак Бальцэровіч.

«Рашэнне аб галасаванні па пошце, на якім настойвала «Права і справядлівасць», было прынята насуперак Канстытуцыі і рэгламенту Сейма», — адзначаюць аўтары звароту.

Раней да байкоту прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 10 мая, заклікаў былы прэм'ер-міністр Польшчы і экс-прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск.

Кандыдат у прэзідэнты Польшчы ад найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Малгажата Кідава-Блоньска заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах 10 мая, калі галасаванне будзе адбывацца па пошце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0