Амаль 750 тысяч рублёў пералічана ў страхавы фонд дапамогі работнікам аховы здароўя, якія захварэлі на COVID-19, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Фонд страхавання медыкаў быў створаны ў пачатку красавіка пры прафсаюзе работнікаў аховы здароўя. Ён фарміруецца за кошт салідарных адлічэнняў усіх галіновых прафсаюзаў і добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

На 29 красавіка прафсаюзы пералічылі ў фонд больш за 630 тысяч рублёў, звыш 117 тысяч — асабістыя ўнёскі людзей. Ахвяраванні ў гэты фонд накіравалі каля 6 тысяч чалавек.

Паводле слоў Міхаіла Орды, гэта свайго роду паказчык згуртаванасці беларускага грамадства, яго гатоўнасць аб'яднаць свае намаганні ў складаны перыяд.

Каб атрымаць дапамогу з гэтага фонду, дастаткова прадаставіць копію бальнічнага лістка і запыт ад першаснай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы аховы здароўя. Камісія па размеркаванні грашовых сродкаў, створаная пры галіновым прафсаюзе, аператыўна разгледзіць дакументы. «Мы вызначылі для сябе максімальны тэрмін: пасля прадастаўлення неабходных дакументаў выплаты павінны быць зроблены не пазней за тры дні. З фонду ўжо пералічана 25 тысяч рублёў у якасці матэрыяльнай дапамогі», — адзначыў старшыня ФПБ.

Прафсаюзныя арганізацыі ўсіх галін аказваюць і іншую дапамогу ўстановам аховы здароўя. У прыватнасці, закупляюць і перадаюць у бальніцы і паліклінікі маскі, ахоўныя медыцынскія камбінезоны, дэзсродкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0