Раніцай 27 чэрвеня ад менскага архікатэдральнага касьцёлу Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі рушыла XVІ пешая пілігрымка ў нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Ад 8-й гадзіны ў касьцёле прайшла сьвятая Імша. Увесь гэты час да адыходу а 10-й гадзіне да катэдры сьцякаліся пілігрымы. У касьцёле не было дзе яблыку ўпасьці ўжо на пачтку імшы. Прыемна зьдзівіла колькасьць маладых людзей – іх тут пераканаўчая большасьць. Шмат дзяцей і падлеткаў. Яны сьмяяліся і трошкі самаўпэўнена ірваліся ў дарогу. Сур’ёзнасьць і засяроджанасьць вылучала тых, для каго гэтая пілігрымка відавочна ня першая.

Сярод пілігрымаў былі і вернікі з Расеі, пецярбуржцы вылучаліся з натоўпу чырвонымі гальштукамі.

Пашыхтаваўшыся, узьняўшы харугвы і сьцягі, сьвяточная калёна ў некалькі сотнаў чалавек з песьняю рушыла ў шлях. З крамаў і офісаў выглядалі цікаўныя.

Фота Андрэя Лянкевіча

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?