У чацвер, 30 красавіка, у Лёзне (Віцебская вобласць) памёр рэжысёр мясцовага народнага тэатра Генадзь Цыганкоў. Яму было 57 гадоў. Мужчына трапіў у бальніцу з двухбаковай пнеўманіяй.

Фота са старонкі Укантакце.

Пра Генадзя расказаў адзін з яго блізкіх сяброў:

«У суботу, за дзень да Вялікадня, ён ужо адчуваў сябе кепска. Кашаль, тэмпература паднялася… На сам Вялікдзень i яго жонцы было дрэнна. У панядзелак Гена мне патэлефанаваў з бальнiцы i сказаў, што ў яго двухбаковая пнеўманiя і ўзялi мазок на каранавірус. У аўторак я яму ледзь дазванiўся — Гену было вельмі цяжка гаварыць. Ён сказаў, што больш з бальніцы не выйдзе».

Смерць мужчыны для знаёмых стала шокам. Па іх словах, за некалькі дзён да гэтага яму палепшала, усе думалі, пойдзе на папраўку. Магчыма, ускладненні даў цукровы дыябет.

Жонка Генадзя ляжыць у бальніцы. Знаёмыя сям’і кажуць, што спачатку ў іх абаіх выявілі каранавірус, але апошні тэст мужчыны нібыта даў адмоўны вынік.

Калегам Генадзя таксама рабілі тэст. Іх вынікі пакуль невядомы. Раённы цэнтр культуры працуе ў штатным рэжыме.

«Самае страшнае, што сына, які служыць у Печах, на пахаванне Гены не пусцяць, — са смуткам расказвае сябра мужчыны. — Жонку таксама не выпусцяць з бальнiцы. Усiмi пахавальнымi работамi будзе занiмацца Лёзненскi аддзел культуры».

Дата пахавання яшчэ не прызначана. Але вядома, што грамадскага развітання не будзе.

У галіне культуры Генадзь Цыганкоў прапрацаваў 30 гадоў і быў паважаным у раёне чалавекам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?