У праграме «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1», якую вядзе старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, у чарговы раз спрабавалі абгадзіць «Нашу Ніву». Тэлепрапагандыстаў абурае тое, што незалежныя СМІ інфармуюць сваіх чытачоў пра бягучыя падзеі, у тым ліку пандэмію, не так, як дзяржпрапаганда.

На працягу праграмы гледачам паказвалі тры скрыншоты навін з сайта «НН». Прычым трэці загаловак быў фэйкам, створаным у фоташопе, — такой навіны на «Нашай Ніве» ніколі не было.

Іван Эйсмант

Іван Эйсмант

Для гэткіх з’яваў нават прыдумалі спецыяльнае азначэнне — «дыпфэйк». Пад такой назвай разумеюць стварэнне фальшывых фота і відэа. Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч прапаноўваў унесці такое азначэнне ў заканадаўства і дадаткова караць стваральнікаў дыпфэйкаў.

Іван Эйсмант расказваў у эфіры пра крыўду спявачкі Галіны Шышковай. Справа ў тым, што тая абразілася матэрыялам на сайце «Нашай Нівы» пра сябе: «Зорка беларускай эстрады ў адсутнасць канцэртаў шые маскі і прадае іх за немалыя грошы». Спявачка расстроілася, што з ёй не ўзгаднялі тэкст і загаловак матэрыялу — хоць насамрэч гэта правіла якасных еўрапейскіх СМІ. Словы чалавека пры цытаванні ніколі не скажаюцца, але цытаваныя асобы не маюць права іх «прычэсваць», «паляпшаць» пастфактум ці дыктаваць рэдакцыі, што і як выбіраць.

Шышкова ўпэўненая, што ў артыкуле ёсць недакладная інфармацыя: пазначана, што ў яе сына за апошні год не зроблена ніводнай прышчэпкі, а насамрэч яму не рабілі прышчэпкі ні разу за жыццё.

Пры гэтым у эфіры БТ паказалі нібыта скрыншот з сайта «НН». У якасці загалоўка дамалявалі наступныя словы: «Гэтыя свінні могуць так усё перавярнуць з ног на галаву, што потым не будзеш ведаць, як адмыцца!»

Насамрэч такая фраза ніколі на сайце «НН» не з'яўлялася.

Звяртае ўвагу, што, хоць рускамоўная версія з'яўляецца ў «НН» другаснай, перакладной з беларускай мовы, удзельнікі «Клуба рэдактараў» карыстаюцца менавіта ёй.

Акрамя «Нашай Нівы», гэтая праграма паслядоўна атакуе Tut.by, радыё «Свабода» ды іншыя незалежныя рэсурсы.

У праграме ўдзельнічаюць выключна лукашэнкаўцы — праграма прадугледжвае высокія ганарары для пастаянных удзельнікаў.

У Ютубе сакавіцкія выпускі праграмы набралі ад 400 да 1200 праглядаў. Для параўнання, апошнія фільмы Нехта набралі больш за 2 мільёны праглядаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0