Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка 1 красавіка прадставіў калектыву СААТ «Камунарка» новага кіраўніка — Наталлю Кот.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс‑службе канцэрна.

Н.Кот у 2002—2003 гадах працавала фінансавым дырэктарам СП ААТ «Спартак», а з 2003 года і да цяперашняга прызначэння ўзначальвала кандытарскую фабрыку «Слодыч». І.Данчанка пажадаў поспехаў новаму кіраўніку і выказаў надзею на тое, што «прадпрыемства не толькі не здасць заваяваных пазіцый, але і дасягне новых станоўчых вынікаў».

Старшыня канцэрна выказаў удзячнасць за шматгадовую працу ранейшаму кіраўніку прадпрыемства Ніне Атаманавай, якая самастойна прыняла рашэнне пакінуць пасаду і пайсці на пенсію. На пасадзе гендырэктара «Камунаркі» яна працавала з 2001 года.

Штогод СААТ «Камунарка» выпускае да 25 тыс. тон прадукцыі. Асартымент фабрыкі налічвае больш як 300 найменняў кандытарскіх вырабаў. Каля 30% прадукцыі адпраўляецца на экспарт: у ЗША, Расію, Германію, Ізраіль і іншыя краіны. Прадукцыя фабрыкі штогод годна заяўляе пра сябе на нацыянальных і міжнародных выставах прадуктаў харчавання і кандытарскіх вырабаў, такіх як All candy (Чикаго), ISM (Кёльн), World Food (Масква), «Прадэкспа» (Мінск) і г.д.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0