Кіраўнік урада Вялікабрытаніі Борыс Джонсан назваў сына ў гонар двух дактароў, якія выратавалі яму жыццё, калі ён апынуўся ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі пасля заражэння новым каранавірусам. Пра гэта абвясціла ў суботу на сваёй старонцы ў Instagram нявеста прэм'ер-міністра Кэры Сімандс, якая нарадзіла дзіця ў сераду.

«Прадстаўляю вам Уілфрэда Лоўры Нікаласа Джонсана, народжанага 29 красавіка 2020 года у дзевяць гадзін раніцы, — напісала Сімандс. — Імя Уілфрэд — у гонар дзядулі Борыса, Лоўры — у гонар майго дзеда, а Нікалас — у гонар дактароў Ніка Прайса і Ніка Харта, якія ў мінулым месяцы выратавалі Борысу жыццё».

Кіраўнік брытанскага кабінета міністраў прысутнічаў пры нараджэнні сына і мае намер ўзяць адпачынак па доглядзе за дзіцем пасля таго, як краіна пераадолее крызіс, выкліканы пандэміяй. У прэм'ер-міністра ёсць чацвёра дарослых дзяцей ад папярэдняга шлюбу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?