ТАСС

ТАСС

Беларусь і Польшча пачынаюць супрацу ў сферы энергетыкі, ёсць дамоўленасці аб пастаўках у Беларусь нафты, паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі 3 мая ў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» з нагоды гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай (3 мая 1791 года), піша «Радыё Свабода».

«У гэтым вельмі дапамагае актыўны палітычны дыялог паміж нашымі дзяржавамі, — дадаў дыпламат. — Мы разумеем патрэбу Беларусі ў дыверсыфікацыі крыніц энергіі, мы даўно гэта зрабілі. Мы ведаем, што Беларусь размаўляе з многімі краінамі, балтыйскімі і Польшчай, наконт магчымых транзітных шляхоў.

У палітычным плане ў Польшчы ёсць вельмі добразычлівыя адносіны да гэтага пытання, і Польшча хацела б быць часткай гэтага жадання Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы энергіі».

Па словах Міхальскага, цікавасць дзелавых колаў Польшчы да Беларусі расце — за апошні год у Беларусь прыехалі шмат польскіх бізнэсоўцаў.

«Мы звязаны каранямі ў розных галінах і розных вымярэннях. Мы шмат робім, што спрыяе народнай дыпламатыі. Мы ўсведамляем, што наша суседства важнае, гэта не пагроза, а шанец», — падкрэсліў пасол.

Польскіх інвестараў, паводле яго, прывабліваюць розныя галіны беларускай эканомікі — мэблевая індустрыя, аграрная сфера, IT-сектар.

Міхальскі адзначыў станоўчую дынаміку ў эканамічным супрацоўніцтве дзвюх краін.

«У нас больш за тры мільярды долараў таваразвароту кожны год. Мы ў добрым становішчы, паколькі польскія інвестары шукаюць рынкі. Суседні рынак — гэта, па-першае, вельмі зручна, людзі вельмі добра разумеюць адно аднаго, паколькі нашы мовы — беларуская і польская — падобныя адна да адной», — сказаў пасол Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0