Фатограф і стваральнік сайта «Планета Беларусь» Сяргей Плыткевіч праехаўся па поўдні краіны. Адно з галоўных яго ўражанняў — набліжэнне сапраўднай катастрофы. І гэта — не пандэмія каранавіруса.

22 красавіка, Рэчыцкі раён, край вёскі Азершчына. Побач з дарогай — сапраўдныя пясчаныя выдмы.

Такая карцінка характэрная для Туркменістана, для Беларусі гэта дзікасць, таму аўтар зафіксаваў змены ў нашай прыродзе.

«23 красавіка выехаў з Рэчыцы ў бок Лоева. Пасля трасы Гомель — Брэст назіраю сапраўдную пыльную буру», — піша Плыткевіч.

Абапал дарогі такія ж самыя выдмы.

Каля вёскі Красны Мост можна ўбачыць поле дзіўнай канфігурацыі і колеру.

Уся справа ў тым, што частка поля засыпаная пяском.

Азімыя растуць на пяску?

Не, вядома. Па гэтым кадры відаць, як адчуваюць сябе расліны, калі ўрадлівая зямля накрываецца пластом пяску. Колькі сезонаў пратрымаецца яшчэ гэта поле, перш чым ператворыцца ў пустыню?

Бярозкі на ўзмежку поля з азімымі.

А на далёкім краі поля ўзмацняецца вецер — і ў паветра падымаецца пясок.

Трактар у гэтай сітуацыі глядзіцца як міраж.

Але на самай справе — усё рэальна! Людзі садзяць бульбу! Калгас «50 гадоў Кастрычніка» аказвае дапамогу вяскоўцам на асабістых падворках.

Поле накрывае пыльная бура.

Дыхаць немагчыма, людзі хаваюцца па машынах.

Парывы ветру спыняюцца.

І зноў можна здымаць выдмы…

Мяжа Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў.

Карцінка ідэнтычная.

А гэта ўскраіна горада Лоева, выезд на Брагін.

Знак «Саступі дарогу». Каму? Наступу пяску?

Хойніцкі раён, дарога на Мазыр.

«Што ж вы нарабілі, палешукі?» — думае гэты казачны герой у вёсцы Загацце.

Але самыя сімвалічныя кадры, мне здаецца, выходзяць на радзіме пісьменніка Івана Мележа — аўтара рамана «Людзі на балоце».

Пра балоты даўно ўсе забыліся, цяпер яго родную вёску засыпае пяском. Музей у самым цэнтры вёскі, таму тут пясчаная бура не такая бачная.

А вось зялёнай травы пад квітнеючымі садамі на ўскраіне, падобна, хутка не будзе…

Месцамі зноў мяце не снег, а пясок. Здымаць можна толькі з машыны.

Поле ў Калінкавіцкім раёне. Усё тая ж карціна пры ўзмацненні ветру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?