president.gov.by

president.gov.by

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра вайсковы парад, які ўсё ж адбудзецца 9 мая.

Я шчыра рады, што парад не адмянілі.

Да гэтага цар і світа гуляліся ў сваю любімую гульню — быць увасабленнем адначасова ўсіх існых пазіцый.

І тымі, хто кажа, што віруса няма, і тымі, хто заклікае сцерагчыся. Ролі часам размяркоўваліся паміж пінжачнымі лялькамі, часам агучваліся з адных і тых жа галоваў. Так вымалёўвалася стракатая карціна: поўны штыль і спакуха для ўнутранага спажыўца і аксамітавае панікёрства з надзеяй на 60 мільёнаў падтрымкі — для знешняга.

Гэта дазваляла пазбягаць як выразных палітычных наступстваў, так і яўнай адказнасці: мы ж вам казалі, што трэба ізалявацца, не? Мы ж папярэджвалі! А вы не паслухаліся, то самі вінаватыя.

Што да палітыкі, дык грамадзяне, якія яшчэ мелі давер да ўлады, забівалі на COVID (і часцяком траплялі ў медыя як на яго занямоглыя); тыя, хто першапачаткова не любіў цара і двор, панікавалі сабе на здароўе. То-бок ніякіх зменаў у элехтараце не назіралася. Усе проста расселіся па жэрдках згодна з абранымі палітычнымі поглядамі і ні ў якім разе, нават перахварэўшы, не змянялі меркаванне пра правільнасць абранага курсу.

Парад — гэта Рубікон.

Пасля парада прыкідвацца перад замежнікамі, што ў нас адэкватна ўспрымаюцца пагрозы COVID, разлічваць на дапамогу па ліквідацыі яго наступстваў ужо не давядзецца. Парад — гэта першамайская дэманстрацыя ў Мінску ў 1986-м, вось тут можна паглядзець фотачкі таго, у якой цёплай, святочнай атмасферы яна праходзіла.

І калі раптам праз 10 гадоў хто будзе прыгадваць гэтую эпідэмію і меры, абраныя «партыяй» для барацьбы з ёй, у галаву будзе прыходзіць толькі Парад. Ён — самадастатковая, вычарпальная метафара, сведчанне часу.

Чаму яго не адмянілі?

Як мы будзем тлумачыць гэта нашчадкам? Калі канчаткова выпарыцца ўся савецкая ідэалогія? Застанецца вось гэта:

«Мы не можам адмяніць парад», бо «…скажуць, што спужаліся».

Цяпер эксперты бадаюцца адно з адным, спрабуючы зразумець, з якім «мэсіджам» кандыдат Лукашэнка будзе выходзіць да выбаршчыкаў у жніўні 2020. Маўляў, у эканоміцы — срака, у інтэграцыі — дупа, у сацыялцы — азадак, падрумянены адтэрміноўкай на год увядзення караў нябесных для дармаедаў. «Дык з чым ісці?» — кусаюць сябе за копчыкі эксперты.

Я ў гэтым плане спакойны, бо, назіраючы за цудам беларускіх прэзідэнцкіх выбараў з 2000 года, разумею, што аніякай праграмы кандыдата з прозвішчам Лукашэнка не трэба. Галоўнае ж не як галасуюць, а хто лічыць. Тым больш што, па ўсім відаць, у жніўні, падчас падліку, у Беларусі яшчэ будуць кашляць, а таму масавыя пратэсты можна будзе расціснуць у межах прафілактычных мер па барацьбе з вірусам.

Не, мне цікавейшае тое, што будзе далей — калі эканоміку нагоняць пазыкі, якія мусяць быць сплачаныя, а валютны рэзерв увесь выйдзе на кампенсацыю цудаў нафтавага цэнаўтварэння.

Каб захаваць кантроль над тымі людзьмі, якія да Парада былі абсалютнымі сімпатызантамі Двара, якія глядзелі тэлеперадачу «Двое из Дворца» з гарачым ухваленнем, трэба навучыцца дзвюм рэчам.

Першая: адмяняць раней прынятыя памылковыя рашэнні.

Другая: умець прасіць прабачэння.

Ні першы, ні другі навык не быў актуальным у сітуацыі, калі ад памылак не залежала здароўе тысяч і жыццё соцень людзей. Да пары, калі тыя памылкі не зрабіліся бачнымі не проста ўсёй краіне, але і ўсяму свету.

Да Парада.

Яго ж немагчыма правесці не ў поўную сілу. «Толькі ў масках». Ці без публікі. Бо інакш вы пакрыўдзіце памяць тых, каго імкнуліся ўшанаваць. Майго дзеда, які ваяваў на той вайне, і быў паранены, і атрымаў медалі.

І яшчэ адно: памыляцца — гэта нармальна. Усе памыляюцца. Нават уладары нашмат лепей інфармаваныя праз тое, што ў свіце там — дарадцы, што не баяцца гневу начальніка болей за смерць. Але катэгарычна важна ўмець прызнаваць свае памылкі і своечасова выпраўляць іх.

А пасля — выказваць спачуванні тым, хто загінуў, і — галоўнае — прасіць прабачэння.

Вось што тут істотна: здольнасць выбачацца — не прыкмета слабасці. Слабы якраз будзе ўпарціцца і лютаваць, ён упрэцца як баран і не саступіць таму, перад кім вінаваты. Але моцны чалавек заўсёды знойдзе ў сваім сэрцы магчымасць павініцца. Прызнаць, што не меў рацыі.

Калі да верасня гэтага года тыя, хто кіруе Беларуссю, засвояць два гэтыя простыя навыкі — нам з імі будзе нашмат прасцей суіснаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?