40-гадовы падпалкоўнік Вайсковай акадэміі Руслан Ушакоў знаходзіцца з каранавірусам у вайсковым шпіталі. Мужчына ў цяжкім стане, яго падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Родныя і сябры апублічылі яго гісторыю, каб знайсці донараў на плазму ІІ групы крыві (рэзус+). Эмацыйны зварот у інстаграме блогеркі Ірыны Яблонскай (Кабасакал) атрымаў шмат перапостаў. Руслан Ушакоў даводзіцца хросным бацькам дзіцяці Яблонскай.

Аднак гэтая гісторыя набыла нечаканую праекцыю пасля допіса ў тэлеграм-канале Нехта. Сям'ю афіцэра разгнявіла, што вакол яе мужа пачынаюць накручвацца фэйкі.

«Шакуе тое, што адбываецца з падпалкоўнікам Русланам Ушаковым […] — ён трапіў у бальніцу 19 красавіка, […] калі жонка вайскоўца звярнулася ў СМІ, каб знайсці донара плазмы, то даволі хутка на сувязь з сям'ёй выйшла жанчына, чыя кроў бы падышла, але […] прадстаўнікі Мінабароны сказалі, што патрэбы ў яе крыві няма, маўляў, сярод ваенных ніхто хварэць не можа, — паведамлялася ў папулярным тэлеграм-канале. — Сям'ю пачалі запалохваць і пагражаць звальненнем, дома ў мужчыны застаецца жонка і дзеці, […] станоўчы вынік тэста на COVID-19 і ў маці вайскоўца», — сцвярджаў Нехта. 

Ці можа такое быць, што Мінабароны блакавала пераліванне крыві афіцэру?

«Наша Ніва» звязалася з жонкай Руслана, Жаннай Ушаковай. 

Жанчына раз'юшаная — яна не разумее, адкуль магла ўзяцца такая інтэрпрэтацыя падзей. 

«Я не ведаю, адкуль гэта ўзялося! У мяне няма [тэлеграм] каналаў гэтых, я там не зарэгістраваная, я не звярталася ў СМІ. Толькі Ірына ставіла ў свой інстаграм заклік здаць кроў для плазмы, каб заахвоціць людзей здаваць плазму ў прынцыпе. Бо банк жа ж там агульны, нельга здаць мэтава менавіта майму мужу. Заяўка афармлялася ад вайсковага шпіталя, і плазму, я думаю, ужо знайшлі.

Але я ў шаленстве, чытаю, што ў мамы майго мужа станоўчы тэст на каранавірус… ну даруйце, але яна ўжо 14 год ляжыць у труне, у яе станоўчы тэст?! Не ведаю, што ён скажа на гэта, калі падымецца. 

Я не магу сказаць кепскага пра дактароў, што на Руслана плюнулі, ці нешта такое. Усе дапамагаюць! У шпіталі вельмі чулыя і душэўныя людзі, я заўсёды магу звярнуцца да дактароў, спытаць аб стане свайго мужа, я ведаю, як ён сябе адчувае ў любы момант, мне крыўдна, што такое напісана. У яго станоўчая дынаміка: дактары стараюцца, і ён стараецца. Ён моцны мужык. 

Зноў жа, у шпіталь ён трапіў не 19 красавіка, ён тады яшчэ працаваў і не думаў ні пра якую хваробу, у шпіталь ён трапіў 28-га. 

Сама я адчуваю сябе прымальна, толькі тэмпература скача туды-сюды, сёння ў мяне быў доктар, прапісаў антыбіётыкі, заўтра будуць рабіць тэсты. На тым тыдні не рабілі, я гэта звязваю з тым, што былі выходныя». 

Няма пэўнасці, што пераліванне плазмы людзей, якія выздаравелі ад COVID-19, дапамагае, але ў цяжкіх выпадках беларускія дактары ідуць і на такую тэрапію. Яны запазычылі гэтую практыку ад кітайскіх калег.

Абвесткі ў сацыяльных сетках пра пошук донараў плазмы маюць мала сэнсу. Рэч у тым, што людзей, якія выздаравелі ад каранавіруса, пакуль не так шмат, і база звестак пра іх і іхныя групы крыві ёсць у санслужбы. І медыкі самі мэтава звяртаюцца да тых, чыя кроў можа выратаваць іншага чалавека. Зрэшты, людзей у сацсетках, як і Ірыну Яблонскую, можна зразумець. Так яны спрабуюць выказаць сваю салідарнасць і спагаду з тымі, каго зачапіла пандэмія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?