Калісьці я напісаў у сваім апавяданьні, што ўсё цяпер у мяне побач: «Нават кіна‑тэатрык («Халодныя закускі» Бэртрана Бліе, «Чырвоная пусьтэльня» Антаніёні)…» Пасьля гэтага яго зачынілі, каб пераабсталяваць, капітальна адрамантаваць. Першы ў горадзе кінатэатар, 1914‑га году. Думаю, што і ў Беларусі ці ня самы стары. Наколькі верагодна, што захаваўся старэйшы за яго?

Адкрыцьцё вельмі аздобіла плойма Чарлі Чаплінаў, яны былі паўсюль. Праўда, начальства, заўжды саліднае, яны мала зацікавілі, але я зрабіў некалькі здымкаў і паразмаўляў зь імі. Чапліны дзявочага стану, вельмі міла выглядалі. Вось жа на адкрыцьцё не герояў савецкага кіно замовілі, а яго, Чарліка, як казалі мы ў школьныя гады, калі гэдээраўскія немцы часта круцілі яго па тэлевізары.

Уяўляеце камяніцу 1914‑га? Лесьвіцы, лесьвічкі, невялікія памяшканьні, два а‑ля рэтра кінапраэктары. Усё файна і нават бар з назвай «Чарлі», але расчыняеш дзьверы: выява вялізная «садружнасьці сярпа і молата» ‑‑ маскоўскай статуі рабочага і сялянкі, эмблемы тамтэйшай кінастудыі. Большую недарэчнасьць уявіць цяжка. Бар «Чарлі» без яго муляжа, ці хаця б лялькі, а ‑‑ са сталінскімі перадавікамі.

Уяўляеце ‑‑ 2009 год! Прычым тут маскоўская кінастудыя? Чарлі ‑‑ так, ён самы славуты актор нямога кіно. Але ж пачыналася яно не ў Маскве і нават не ў Галівудзе, у Парыжы. Дзе Парыж? Эйфэлева вежа да новага стылю хай‑тэк «Чырвонай зоркі» пасавала б як найлепей, згадзіцеся. Як ты не разумееш, мы хацелі сваёй, айчыннай гісторыі кіно! Сваёй? Дык вазьміце зь Беларускай кінафабрыкі штось, яна ўзьнікла яшчэ да вашых калгасьніцы з рабочым, прычым у надзейным савецкім Ленінградзе.

Але беларускае яны ня лічаць сваім, мабыць, польскае ‑‑ пагатоў! А кінатэатар дваццаць гадоў быў у горадзе пад польскай уладай. Хіба гэтага мала? Не! Польскі элемэнт у нас успрымаецца як амаль варожы. Але ж гэта гісторыя менавіта канкрэтна гэтага кінатэатру! Нельга перакрэсьліваць сапраўдную гісторыю недарэчнай савецкай назвай.

Я не кажу пра тое, што а‑ля «Чырвоная зорка» увогуле мае ўнікальную сваю, адрозную ад усіх біяграфію. Адкрыць першае кіно, пабудаваць спэцыяльную камяніцу заманулася адстаўному штабс‑капітану Манастырскаму. У 1914‑м у горадзе збудавалі кінатэатар і, між іншым, лютэранскую кірху, і адразу пачалася вайна зь Нямеччынай. Першы кінасэанс так і не адбыўся. Як мне сказаў Георгі Манастырскі, нашчадак, штабс‑капітан «Пайшоў на фронт літаральна за тыдзень да адкрыцьця кінатэатру, усю апаратуру замураваў. А прыйшоў: ужо ўсё, іншыя людзі працуюць. Даказаць тым уладам, польскім, нічога не ўдалося». Ён судзіўся ажно сем гадоў! Марна.

Так, на першым паверсе, у фае ёсьць старыя здымкі колішніх актораў кіно, пра будаўніка і гаспадара кінатэатру таксама ўзгадваецца. Але на гэтым можна было пабудаваць больш. Штабс‑капітан — вялікі аматар кіно, кінасэанс, які ня ўдаўся, ён ідзе на вайну, становіцца палкоўнікам, яго здымкі на фоне абарончых збудаваньняў на фронце. «Замураваная апаратура», кінастужка для першага сэансу, якая захавана да нашых дзён.

Дарэчы, Георгі Манастырскі па прафэсіі анэстэзіёляг‑рэаніматоляг, за 37 гадоў шмат апэрацый забясьпечваў. Бацька яго быў архітэктарам. Дзед, дарэчы, назваў свой кінатэатар «Эдэмам», затым «Пан» ён называўся, «Палёнія», мяняліся назвы», ‑‑ гаворыць унук палкоўніка Манастырскага.

Міжвольная думка ў мяне: а чаго вартыя кіназдымкі, якія адбываліся на гарадзенскіх вуліцах за апошнія гады некалькі разоў! Калі ласка, адлюструйце таксама! Не, ніколі.

Вось у гарадзенскім музэі пажарнай службы, адкрытым летась, не пабаяліся «несавецкай» часткі гісторыі, там і польскі пэрыяд добра паказаны, якія выдатныя муляжы! А «Чырвоная зорка», на жаль, засталася чырвонай. Была выдатная магчымасьць назву зьмяніць, зрабіць унутры акцэнты менавіта гарадзенскія. А зрабілі якіясьці тамбоўскія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?