Яшчэ адна спрэчная сітуацыя падчас праймерыз.

Мікалай Казлоў. Фота Надзеі Бужан

Мікалай Казлоў. Фота Надзеі Бужан

У апошні дзень красавіка скончылася інтэрнэт-галасаванне на праймерыз апазіцыйных палітыкаў, якія хочуць стаць адзіным дэмакратычным кандыдатам на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Агулам у галасаванні анлайн узяло ўдзел 4457 карыстальнікаў. Арганізатары, вядома, спадзяваліся на большую лічбу, але ўмяшаўся каранавірус, таму вынік атрымаўся не самы ўнушальны.

У выніку за Мікалая Казлова прагаласавалі 39,8% (1774 чалавекі), за Юрыя Губарэвіча 36,12% (1610), за Вольгу Кавалькову — 24,07% (1073). Здавалася б, гэта ўжо канчатковыя лічбы, але на справе застаецца шмат пытанняў.

Тэлеграм-канал «Выбары. Беларусь», блізкі да руху «За Свабоду», апублікаваў скрыншоты больш за сотні галасоў, якія нібыта былі пададзеныя за кіраўніка АГП Мікалая Казлоў. У чым асаблівасць гэтых галасоў?

Карыстальнікі не пазначалі імя, а замест гэтага ўводзілі складаныя наборы літар і лічбаў. Месцам жыхарства быў пазначаны «Мінск». Электронная пошта — [email protected] (гэта мэйл не належыць кіраўніку АГП). А ў графе тэлефоны пазначаліся ці мабільнік Казлова, ці гарадскі нумар ягонай партыі. Таксама паўсюль пазначалася «За Казлова!»

«Так, могуць быць пытанні па тым, што адбывалася ў рэгіёнах, быў уплыў вертыкалі. Быў уплыў вертыкалі ці спецслужбаў, хутчэй за ўсё, і падчас інтэрнэт-галасавання, бо мы бачылі, як імкліва раслі лічбы за Мікалая Казлова цягам апошніх гадзін. Гэта ўсё дзіўна выглядала», — сказаў лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч у эфіры «Еўрарадыё».

Мікалай Казлоў называе гэта не накруткамі, а правакацыяй. Справа ў тым, што ўсё напісанае зусім не азначае, што дзіўныя карыстальнікі галасавалі менавіта за Мікалая Казлова. Напісаць можна было ўсё, што заўгодна, пры гэтым аддаўшы голас зусім за іншага кандыдата.

«Ад сябе магу сказаць, што наша каманда дзейнічала сумленна і празрыста. А гэта нейкае скоцтва», — кажа Мікалай Казлоў. Па ягоных словах, праверыць айпі-адрасы галасоў немагчыма праз тое, што звесткі знаходзяцца ў Чэхіі, а з Еўрасаюза не будуць перадаваць асабістыя даныя.

Плюс да ўсяго Мікалай Казлоў адзначае, што такія дзіўныя «галасы» ішлі не раўнамерна цягам аднаго дня, а на працягу ўсяго галасавання.

Кіраўнік штаба праймерыз, лідар БСДП Ігар Барысаў пацвярджае, што спробы паўздзейнічаць на вынікі інтэрнэт-галасавання былі. Цяпер праводзіцца праверка галасоў, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў.

Таксама Барысаў адзначае, што з 4500 галасоў, якія былі пададзеныя падчас анлайн-галасавання, толькі прыкладна ў 60% людзі напрыканцы пазначалі свае даныя, а яшчэ ў 40% гэтага не было. І невядома, ці не было спробаў неяк уплываваць на вынікі галасавання ў гэтай «шэрай зоне», у якой не пазначаныя ніякія асабістыя даныя.

Глядзі таксама: Рымашэўскі хоча зняць Губарэвіча з праймерыз «за амаральныя паводзіны». У апазіцыі ўсё складана

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?