«Заўтра ў мяне цэлая палата пойдзе на выпіску. А гэта пяць чалавек! Я не быў так рады з тых часоў, калі ў 10 гадоў мне мама прынесла кілаграм халвы», — пісаў у твітары Максім Дрызгаловіч. Доктар хуткай дапамогі, ён добраахвотна пайшоў працаваць у інфекцыйнае аддзяленне Салігорскай раённай бальніцы.

Максіму 27. Летась пасля заканчэння Віцебскага медуніверсітэта ён прыйшоў працаваць на «хуткую» — у рэанімацыйную брыгаду. А з 22 красавіка перавёўся доктарам у інфекцыйнае аддзяленне.

Максім (другі справа) з калегамі «хуткай»

Максім (другі справа) з калегамі «хуткай»

«Добраахвотнікі ёсць з аддзяленняў кардыялогіі, тэрапіі, гастраэнтэралогіі»

«У бальніцы спыталі мяне, ці магу пайсці. Я адказаў, што так, дапамагу. Добраахвотнікаў троху ёсць. З паліклінікі папрыходзілі, з іншых аддзяленняў — кардыялогіі, тэрапіі, гастраэнтэралогіі», — дзеліцца хлопец.

Змена доктара цягнецца 7 гадзін (калі гэта дзяжурства на выходныя, то 12). Кожны дзень трэба аглядзець усіх пацыентаў: памераць ціск, тэмпературу, сатурацыю (насычэнне крыві кіслародам), выслухаць скаргі на самаадчуванне і ў залежнасці ад стану назначыць лабараторныя абследаванні.

«Дадатковае навучанне я не праходзіў. Я доктар агульнай практыкі, мая кваліфікацыя дазваляе працаваць у інфекцыйным аддзяленні. Канечне, прыходзіцца чытаць пратаколы і рэкамендацыі як беларускія, так і замежныя для таго, каб быць на хвалі.

У нас ёсць перапіска з дактарамі, якія калісьці паехалі ў іншыя краіны працаваць, — абменьваемся вопытам. У мяне сябры ў Англіі жывуць, Германіі, Літве. Таксама перапісваемся з дзяўчынай з Нью-Ёрка, якая працуе там у рэанімацыі».

Па назіраннях Максіма, падыход да лячэння хворых на каранавірус у беларускіх бальніцах нічым не адрозніваецца ад замежных.

«Адзінае, напрыклад, у ЗША не ўсе могуць сабе фінансава дазволіць доктара. Тая дзяўчына з Нью-Ёрка дапамагае яшчэ ў шпіталі для людзей, якія не маюць сродкаў на куплю лекаў ці аплату страхоўкі. Яна лічыць, што праз тое, што ў Беларусі ўсе могуць атрымаць лячэнне бясплатна, эпідэмія можа спыніцца раней, а ў ЗША яна будзе далей ісці».

У чым бачна розніца, дык гэта ў стаўленні людзей да рэкамендацый. У Германіі, дзе Максімаў сябра працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам, насельніцтва вельмі адказнае. Калі ім кажуць заставацца дома і насіць маскі і рэспіратары, яны выконваюць правілы.

«А ў нас з усіх станоўчых пацыентаў 90% не насілі маскі ў грамадскіх месцах», — заўважае хлопец.

«Падлічыў, што на ўсю абарону аддаў $250»

Цяпер у салігорскай бальніцы восем інфекцыйных аддзяленняў, кожнае разлічана прыкладна на 30 месцаў. Створана таксама аддзяленне для немаўлят, якія нарадзіліся ад мам з каранавірусам. Апарат камп’ютарнай тамаграфіі ў горадзе адзін — ён працуе пад «брудных». Усіх астатніх возяць на КТ у іншы горад. Вынікі мазкоў на кавід чакаюць да пяці дзён.

Пасылкі для пацыентаў перадаюць праз спецыяльны бокс і па ліфце. Пішуць паверх, корпус, палату і прозвішча на пакеце.

«Калі мы прыходзім у бальніцу, то называем свой нумар на ўваходзе і паверх. Нам мераюць тэмпературу і запісваюць у журнал. Выдаюць рэспіратар. На выхадзе зноў мераюць тэмпературу», — апісвае Максім.

Сродкамі індывідуальнай абароны бальніца дактароў забяспечвае — у аддзяленні стаіць каробка, куды кожны дзень складаюць халаты, маскі, супрацьчумныя касцюмы. Штосьці прывозяць валанцёры і салігорскія прадпрыемствы — «Беларуськалій», «Ніва».

Частку спецадзення Максім купляў за свае грошы. Падлічыў, што на ўсё патраціў каля $250. Самай дарагой была маска на ўвесь твар з фільтрамі, абышлася ў $125.

«Яна абараняе ад вірусаў на 97-98%. Вельмі зручная — не так пацее шкло, дыхаць лепей, — кажа медык. — Акуляры, якія даюць у бальніцы, дактары націраюць вадкім або гаспадарчым мылам. Так робяць дайверы, каб маскі меней пацелі, — мы падгледзелі ў іх».

На ногі дактарам прапануюць абуваць гумавыя боты ці бахілы. Тэлефоны медыкі носяць у спецыяльных герметычных чахлах, якія самі набываюць.

«Вельмі складана ў касцюме рэаніміраваць. Пацеюць акуляры і не бачна, куды інтубіраваць, пасля пяці хвілін рэанімацыйных мерапрыемстваў ты мокры ўвесь. Пасля фізічнай актыўнасці дыхаць немагчыма ў рэспіратары», — дзеліцца Максім.

У аддзяленні ёсць «чыстая» і «брудная» зоны. Калі выходзіш з другой, скідаеш касцюм, ідзеш у душ і пераадзяваешся ў свежае адзенне. Піць і есці ў «бруднай» зоне нельга. У туалет таксама.

Таму Максім стараецца перад заходам у аддзяленне паменей піць кавы і гарбаты (затое пасля дзяжурства за раз выпівае два літры вады). Некаторыя медыкі носяць памперсы, каб вытрымаць змену.

«Нязручна слухаць стэтаскопам, паколькі ты ў капюшоне і ў шапачцы. Даводзіцца засоўваць тканіну амаль ў вушы і ўсім крычаць: «Ціха!» — апісвае новыя рэаліі хлопец.

Праз чатыры гадзіны пасля працы ў касцюме робяць перапынак для адпачынку. Нагрузку за змену, праведзеную ў такой экіпіроўцы, Максім параўноўвае з паходам у гарах. За два тыдні ён пахудзеў на два кілаграмы.

«Самым складаным быў першы дзень»

У аддзяленні Максіма ў асноўным лёгкія і сярэдняй ступені цяжкасці, але стабільныя пацыенты. Калі стан горшае, людзей пераводзяць у рэанімацыю ці іншае аддзяленне. Асобна ляжаць тыя, у каго каранавірус, і тыя, хто з’яўлецца кантактам першага ўзроўню ці мае пнеўманію.

«Самым складаным быў першы дзень, як толькі адкрылі аддзяленне. Яшчэ нічога цалкам не ведаеш, медсёстры твае таксама. Мне патлумачылі, як дзейнічаць, але ж не ўсё ты можаш ухапіць за адзін раз. У той дзень я так стаміўся, што прыйшоў дадому, паеў і адразу лёг спаць», — успамінае хлопец.

Узрост пацыентаў розны. Аднаму з Максімавых падапечных 92 гады, і ён добра сябе пачувае.

«Ёсць у мяне педыятрычны пост.

З таго, што я бачу, — дзеці лёгка пераносяць каранавірус. Хутчэй папраўляюцца, усё, як ВРВІ праходзіць. Моладзь таксама лёгка пераносіць.

Канечне, тыя, у каго ёсць хранічныя захворванні, хварэюць больш цяжка. Але яны любую хваробу будуць пераносіць складана», — дзеліцца назіраннямі медык.

Сярод пацыентаў шмат веруючых, якія не слухалі рэкамендацыі, хадзілі на службы і не карысталіся маскамі. Гэта і пратэстанты (яны адны з першых сталі трапляць у бальніцу), і праваслаўныя.

Максім расказвае пра тое, як у бальніцы лечаць кавідных пацыентаў:

«Супрацьмалярыйныя прэпараты назначаюцца толькі пры цяжкіх пнеўманіях. У мяне такіх няма ў аддзяленні. Астатнім у залежнасці ад сіптомаў — супрацьвірусныя прэпараты, супраць павышэння тэмпературы, антыбіётыкі. Калі ніжнядалявыя пнеўманіі, кажам, каб ляжалі на жываце. Паказваем, як правільна. Гэта залежыць ад лакалізацыі запалення, якая была паказана на рэнтгенаграфіі або КТ».

«Абяцалі, што доктар атрымае 1500 рублёў даплаты»

Добраахвотнікам у інфекцыйных аддзяленнях дадуць надбаўку ў 200% ад акладу (у маладога доктара аклад, напрыклад, 290 рублёў).

«Гэта наша кіраўніца бальніцы сказала: усім, хто хоча сам працаваць, я раблю такі жэст, — дзеліцца Максім. — Абяцалі таксама, што доктар у інфекцыйным аддзяленні атрымае 1500 рублёў — гэта толькі даплата. Яна будзе залежаць ад таго, колькі працаваў па гадзінах, якія пацыенты былі, іх цяжкасць».

Каб адпачыць ад працы, Максім глядзіць фільмы і серыялы па вечарах. Ніякіх лекаў для ўмацавання імунітэту не п’е.

«Усе сінтэтычныя вітаміны вядуць да раку прамой кішкі. Найлепшыя вітаміны — наша садавіна, гародніна. Я лімон у чай дадаю, салаты ем. Першае, што трэба зрабіць, каб абараніць сябе, — гэта адпачыць, другое — нармальна паесці, ну і трэцяя — хадзіць у крамах, аптэках у рэспіратары ці масцы».

«Да бацькоў не ездзіў два месяцы»

Максім — з сям’і медыкаў. Яго бабуля была акушэркай, дзед — фельчарам, тата працуе доктарам агульнай практыкі ў вясковай амбулаторыі.

Разам з татам-доктарам

Разам з татам-доктарам

«Заўжды ў дзяцінстве з татам то ў бальніцы былі, то ездзілі кагосьці глядзець», — расказвае хлопец, што паўплывала на яго выбар прафесіі.

Ці не страшна маладому доктару на перадавой?

«Не, ужо звыкся. Ды і што рабіць: такая ў нас праца, — спакойна адказвае Максім. — Пакуль не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Канечне, я сумую па «хуткай», мне там вельмі падабалася. Таму там дзяжурствы я таксама бяру. Пяць дзён у аддзяленні працую, а ў суботу, напрыклад, дзяжуру на «хуткай».

Адчай? Хлопец кажа, што сярод медыкаў яго няма. Але многія стаміліся, стараюцца падтрымліваць адно аднаго жартамі.

Бацькі Максіма жывуць у вёсцы за 25 км ад Салігорска. Ён не прыязджаў да іх вось ужо два месяцы.

«Тата і мама ўсё разумеюць. Перажываюць, звоняць кожны дзень. Абменьваемся з імі фатаграфіямі, уражаннямі аб усім».

Медык усміхаецца: першае, што зробіць пасля эпідэміі, — наведае бацькоў і пасмажыць шашлыкі. І нарэшце збярэцца з сябрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?