07.05.2020 / 11:21

Прэм'ерны паказ спектакля РТБД упершыню пройдзе анлайн

Упершыню ў гісторыі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прэм'ерны паказ спектакля пройдзе ў фармаце анлайн-трансляцыі. 12 мая на відэасэрвісе Voka тэатр прадставіць гледачам новы спектакль са свайго рэпертуару — трагікамедыю з жыцця дзяржслужачых «Профіт». Як паведамляе сайт сэрвіса, паглядзець пастаноўку можна будзе бясплатна, у тым ліку і за межамі Беларусі. 

Спектакль «Профіт» пастаўлены на беларускай мове па матывах п'есы Аляксандра Астроўскага «Прыбытковае месца». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў. П'еса прыкметна змянілася: некаторыя сцэны радыкальна пераробленыя, у дзеянне ўведзены новы персанаж, а самі падзеі разгортваюцца не ў сярэдзіне 19-га стагоддзя, а ў пачатку 21-га.

Ролю галоўнага героя, сумленнага ідэаліста Жадава, у спектаклі выканае Арцём Курэнь. Ганна Семяняка на прэм'еры 12 мая сыграе яго жонку Паліну, а галоўнага антаганіста Жадава — прагматычнага кар'ерыста Белагубава — у гэты вечар увасобіць Максім Шышко. Акрамя іх, у спектаклі будуць задзейнічаны Максім Брагінец, Гражына Быкава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Сідаркевіч, Андрэй Дабравольскі, Наталля Халадовіч, Мікалай Стонька і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў. 

Прэм'ерны анлайн-паказ спектакля «Профіт» на Voka адбудзецца 12 траўня ў 19:00. Усе ахвотныя змогуць паглядзець яго бясплатна і без аўтарызацыі на сайце voka.tv або ў дадатку Voka для Android і iOS. Больш за тое, трансляцыя будзе даступная і за межамі Беларусі, таму прэм'еру пастаноўкі без перабольшання можна назваць сусветнай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру