Беларусь прапанавала заключыць здзелку своп у еўра адной з краін Еўрасаюза па ўзору аналагічнай здзелкі, заключанай у першай палове сакавіка з Кітаем для забеспячэння разлікаў па знешнім гандлі.

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Васіль Мацюшэўскі 1 красавіка ў інтэрв’ю агенцтву Рэйтэр.

Паводле яго слоў, аналагічныя перамовы па выдзяленні крэдыту, здзелцы своп або абмене дэпазітамі, якія Мінск вёў з Расіяй, прыпынены па ініцыятыве Масквы.

«Скажу шчыра, мы такія прапановы [па своп у еўра] рабілі. Яны цяпер, напэўна, ацэньваюцца, аналізуюцца.
З адным з нашых асноўных гандлёва‑эканамічных партнёраў у Еўропе мы гэты дыялог пачалі», — сказаў Мацюшэўскі.

Ён не назваў мяркуемую суму здзелкі і краіну, якой гэтая прапанова зроблена, спаслаўшыся на тое, што перамовы знаходзяцца ў пачатковай стадыі.

У інтэрв’ю таксама закраналася пытанне аб крэдыце ў 100 млрд. расійскіх рублёў, які Беларусь разлічвала атрымаць ад Масквы для пераходу на разлікі ў нацыянальных валютах у знешнім гандлі з Расіяй.

«Гэтыя сродкі нам патрэбныя былі, каб больш выкарыстоўваць расійскі рубель у нашых разліках і адысці ад трэціх валют.
Форма магла быць рознай: крэдыт, валютны своп або абмен дэпазітамі», — патлумачыў чыноўнік.

Паводле яго слоў, перамовы не спыненыя, расійскі бок узяў паўзу. «Перамовы прыпыненыя, і яны вядуцца цяпер па іншых кірунках», — зазначыў намеснік кіраўніка Нацбанка.

Крэдыт у памеры 100 млрд. расійскіх рублёў Беларусь запытала ў Расіі ў пачатку 2009 года. Спачатку расійскі Мінфін адмовіўся выдаваць такую суму, аднак затым стала вядома, што гэтая просьба Мінска ўсё ж разглядаецца. 31 сакавіка стала вядома аб адмове Расіі выдаць крэдыт у сувязі з вялікім аб’ёмам ужо існуючых даўгавых абавязацельстваў Беларусі перад Расіяй.

Нагадаем таксама, што ў сакавіку Нацбанк Беларусі і Народны банк Кітая заключылі здзелку своп. У яе рамках беларускаму боку будзе выдзелена 20 млрд. юаняў (каля 3 млрд. долараў), Кітай атрымае ад Беларусі 8 трлн. рублёў. Пагадненне заключана для садзеяння двухбаковаму гандлю і інвестыцыям у мэтах эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Своп — гандлёва‑фінансавая аперацыя ў выглядзе абмену разнастайнымі актывамі, у якой заключэнне здзелкі аб куплі (продажы) каштоўных папер або валюты суправаджаецца заключэннем контрздзелкі, здзелкі аб зваротным продажы (куплі) таго ж тавару праз пэўны тэрмін на тых жа або іншых умовах.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0