08.05.2020 / 20:50

«Вы б і Стыва Джобса арыштавалі»: пяць фактаў пра Валерыя Цапкалу 13

Былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала 8 мая абвясціў пра свой намер удзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнцкіх выбарах. «Наша Ніва» сабрала найбольш цікавыя факты пра яго.

Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан і Валерый Цапкала. Архіўнае фота

Дзяцінства ў Гродне

Валерый Цапкала нарадзіўся ў 1965 годзе ў Гродне. Ягоныя бацькі — Вільям і Ніна — былі накіраваныя на захад Беларусі па размеркаванні для будаўніцтва азотнага завода. Бацька скончыў Адэскі політэхнічны, маці — Харкаўскі інжынерна-эканамічны.

У выніку бацькі так і адпрацавалі на заводзе ўсё жыццё. Маці, якая працавала начальнікам у аддзеле працы завода, у 1986 годзе нават атрымала медаль «За працоўную доблесць».

Цапкала-старэйшы атрымаў незвычайнае імя Вільям ад сваіх бацькоў-педагогаў. Ён зрабіў кар’еру на заводзе, стаў намеснікам начальніка аддзела галоўнага механіка. На пенсіі займаўся дыягностыкай камп’ютарнага абсталявання.

У інтэрнэце можна знайсці патэнт Вільяма Цапкалы: «Спосаб выпарвання водных раствораў мачавіны і выпарны апарат для яго ажыццяўлення».

Раннія гады Валерыя прайшлі ў завулку Даватара, ён быў адзіным дзіцём у сям’і. У інтэрв’ю «Гродзенскай праўдзе» мама Ніна Пятроўна казала, што адчувае перад сынам віну за тое, што ўвесь час была занятая працай і мала праводзіла часу з дзіцём.

«Я вельмі люблю Гродна. Заўсёды прыемна туды вяртацца», — казаў сам Цапкала.

МДІМА і фінская мова

Валерый Цапкала выдатна вучыўся ў школе, хаця сам кажа, што кніжнікам ніколі не быў. «Ганяў мяч, шайбу, як усе. Калі бацькі хацелі аддаць у музычную школу, то ўзбунтаваўся», — расказвае пра малыя гады. Але ўжо ў сярэдніх класах пайшло захапленне кнігай.

Цапкалу хацелася паступіць у Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА), аднак пасля школы зрабіць гэтага не ўдалося. Таму пайшоў вучыцца ў Мінскі тэхналагічны. Пасля другога курса юнака забралі служыць у войска. Служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. «Гэта былі гады дэмаграфічнай ямы, забралі ўсіх з курса», — згадвае ён.

Пасля войска паступіць у МДІМА ўсё ж атрымалася. У савецкай сістэме не існавала выбару, якую мову вывучаць. Цапкалу размеркавалі на фінскую мову. «Фінская дык фінская, дзякуй, што не албанская», — Цапкала кажа, што немагчыма добра засвоіць мову без любові да краіны, дзе на ёй размаўляюць, таму чытаў «Калевалу», фінскую перыёдыку.

На самым сконе Савецкага саюза крыху папрацаваў у савецкай амбасадзе ў Хельсінкі. Пасля развалу СССР прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь, а не заставацца на працы ў Расіі.

Праца ў камандзе Шушкевіча

У 1993-1994 гадах Валерый Цапкала быў дарадцам старшыні Вярхоўнага савета Станіслава Шушкевіча. Тады ў іх камандзе былі Анатоль Міхайлаў (колішні рэктар ЕГУ). Аднак перад прэзідэнцкімі выбарамі Цапкала перайшоў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, адбылося гэта прыкладна ў снежні 1993 года.

Менавіта ён арганізоўваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў расійскую Дзяржаўную думу. Адбывалася гэта па сувязях з ЛДПР, бо ў гэтай партыі таксама было дастаткова шмат выпускнікоў МДІМА.

Пасля выбараў Цапкалу прызначылі першым намеснікам міністра замежных спраў. На той момант дыпламату было ўсяго толькі 29 гадоў. Уявіць нешта падобнае сёння ў Беларусі вельмі складана.

Крыніцы «НН» расказваюць, што тагачасны міністр Уладзімір Сянько вельмі супраціўляўся такому рашэнню, але нічога не змог зрабіць. Увогуле ж Цапкала тых гадоў характарызаваўся бесканфліктнасцю.

Заснаванне Парка высокіх тэхналогій і звальненне адтуль

Фота dev.by

У 32 гады Валерый Цапкала становіцца паслом Беларусі ў ЗША. Зноўку ж такая адказная пасада дастаецца настолькі маладому спецыялісту. Менавіта ў Амерыцы Цапкала падгледзеў ідэю стварэння беларускай «сіліконавай даліны».

У перыяд ад 2002 да 2005 Цапкала з’яўляўся памочнікам прэзідэнта, яму ўдалося данесці да кіраўніка дзяржавы важнасць стварэння Парка высокіх тэхналогій. У 2005 годзе Цапкала ўзначаліў Парк, які знаходзіцца ў мікрараёне Уручча.

Стартапы ПВТ грымяць на ўвесь свет — гэта і Viber, і «Свет танкаў», і MAPS.ME. Быў яшчэ MSQRD. У асноўным кампаніі працуюць на замежных заказчыкаў.

«Калі казаць пра мару, мы хочам у прынцыпе зрабіць Мінск, а можа і ўсю рэспубліку, вялікім тэхналагічным паркам, дзе людзі сядзелі б у кавярнях і абмяркоўвалі, як стварыць новы стартап», — дзяліўся марамі Цапкала.

Некалі ПВТ забяспечвала больш за 10% плацежнага сальда краіны! «Для мяне ідэалогія — гэта ідэалогія мадэрнізацыі, ідэалогія таго, што мы можам быць такімі ж паспяховымі, як амерыканцы, японцы, як немцы — як любы іншы паспяховы народ», — казаў Цапкала.

У 2016 годзе ў Валерыя Цапкалы адбыўся канфлікт з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком. У адным з інтэрв’ю дырэктар ПВТ сказаў, што Стыва Джобса ў Беларусі арыштавалі б за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. На што Канюк адказаў, што Джобс займаўся тым, што ў савецкія часы называлася спекуляцыяй.

2 красавіка 2017 года Цапкала быў адпраўлены ў адстаўку, а ПВТ замест яго ўзначаліў ідэолаг Усевалад Янчэўскі. Пасля адстаўкі Цапкала кансультаваў улады Узбекістана ў ІТ-сферы. А ў 2018-м прэзентаваў стартап Prabook — сусветную біяграфічную бібліятэку.

Аўтар кнігі пра смерць і ўваскрашэнне чалавека

Будучы кіраўніком ПВТ, Валерый Цапкала вёў блог у «Жывым Часопісе». Цікава, што ён быў падпісаны ўсяго на трох чалавек — палітолага Юрыя Шаўцова, украінскага банкіра Цігіпку, а таксама на расійскага грамадскага дзеяча Скурлатава.

У 2005 годзе Валерый Цапкала напісаў кнігу, якая называлася «Код неўміручасці: Тайна смерці і ўваскрашэння чалавека».

«Ці можа смяротны чалавек здабыць неўміручасць? Ці можна на аснове вялізнага культурнага і рэлігійнага досведу чалавецтва знайсці ключ да паўторнага ўзнаўлення чалавека ў яго сапраўдным выглядзе? Ці ёсць да таго цалкам навуковыя перадумовы? Гэтая кніга апавядае пра разгадкі таямніцы смерці чалавека, яго часовага сыходу з зямнога свету, пра магчымасць яго цялеснага вяртання і духоўнага ўваскрашэння. Самае дзіўнае, што тут няма нічога містычнага», — гаворыцца ў анатацыі.

У 2009 годзе выданне было перакладзенае на англійскую мову.

«Канец свету, калі аб’яднаць яго з антропным прынцыпам, ставіць роўнасць паміж чалавекам і сусветам, то-бок сэнс у тым, што чалавек сваім розумам здольны сусвет зразумець, усвядоміць, а значыць, змясціць у сабе. Гэта Гегель яшчэ спрабаваў намацаць, тое, што розум падобны да сусвету. Калі чалавек памірае, адбываецца знішчэнне ўсяго сусвету, а потым адбываецца вяртанне, уваскрасенне, застаецца толькі ўспомніць. Памятаеце ў Пастарнака: «Трэба ўспомніць, каб уваскрэснуць», уваскрасаць — гэта значыць згадваць», — казаў Цапкала з нагоды выхаду кнігі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

19
ooo / Адказаць
08.05.2020 / 21:10
Надеюсь, что он вернет конституцию 1994 года.
64
падарожны / Адказаць
08.05.2020 / 21:53
Путинский
24
8888 / Адказаць
08.05.2020 / 22:50
Кінуў малапісьменнага манкурта без роду і племені Шушкевіча і перайшоў у каманду бліскучага інтэлектуала і беларускага патрыёта Лукашэнкі... Гэта ўсё, што трэба ведаць пра Цапкалу.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру