Строгая сакрэтнасць, якой суправаджаецца правядзенне Дзён цвярозасці, будзе мець плён толькі тады, калі ўсталюецца жорсткі кантроль за экстрасэнсамі — асобамі, якія могуць чытаць думкі іншых людзей. Фельетон Лёліка Ушкіна.

Цэлы тыдзень на сцяне Дома культуры мястэчка Н. вісеў яскравы плакат: «Прыехаў друід — дыпламаваны выпускнік манастыру Шаалінь, любімы вучань Чумака і Коперфільда, магістр магіі. У праграме — адкрыццё трэцяга вока, зняццё ўрокаў, падвышэнне заробкаў, сеанс адначасовай гульні ў «Спортлато» і «Ваша лато». Толькі адзін выступ у нашым райцэнтры!»

Зала была поўная. Згасла святло, паднялася заслона. З-за яе з’явіўся экстрасэнс — мужчына сярэдніх гадоў з зачосам на лысіну. І пачаўся сеанс магнетызму. Першай на сцэну, як звычайна, выскачыла пенсіянерка: няма рады на жукоў, апанавалі соткі. «Для магнетызму няма нічога немагчымага, — заявіў экстрасэнс і некалькімі адточанымі пасамі зарадзіў станоўчай энергіяй вядро дусту. — Пырскайце раз на дзень, і як рукой здыме».

Наступным быў мясцовы настаўнік фізкультуры, упэўнены, што яго сурочылі. «Прасцей не бывае! — адгукнуўся маг. — Лічыце, што ўрокаў ужо няма! Здымаю з вас урокі ў 8«Б», 4 і 5 «А», а таксама паралелі 10 і 11 класаў. Застаецца паўстаўкі!»

Настаўнік спрабаваў пратэставаць, што не тыя ўрокі знялі, але яго сцягнулі з сцэны нецярплівыя наступнікі.

Выхад наступнага просьбіта выклікала ў зале заўважнае напружанне.

— А слабо прачытаць, што думае начальнік міліцыі? — недаверліва скрывіўся на экстрасэнса шчаціністы суб’ект.

Маг напружыўся, аж пачырванеў, і выдаў іншым, глухім начальніцкім голасам: «Я т-табе пачытаю, т-ты ў мяне на сутках вуліцу 17 верасня да першага снегу месці будзеш».

Цікаўны скочыў за кулісы і схаваўся ў пажарную скрыню з пяском.

Па зале пракаціўся выдых расчаравання: «Не ведае...»

— Ну добра, — пачуўся голас з месца. — А што думае начальнік абласной міліцыі?

Маг засяродзіўся:

— Заходжу ў аблвыканкам. Ага, вось яго прыватнае поле... Спрабую наладзіць спірытычны канал, дэкадзірую флюіды... Ёсць! — Ну! — напружылася зала.

— Начальнік правярае графік зняцця адбіткаў пальцаў у наведнікаў ясельных і дашкольных установаў!

Зала зноў расчаравана ўздыхнула.

— Гэта ўсё ладна, — голас з залы аж трымцеў ад рашучасці. — А вось думкі яшчэ вышэйшай міліцэйскайскай шышкі вам ні за што не адгадаць!

Прыхільнік канцэпцый Блавацкай і Штайнера не хацеў дэманстраваць слабінку. У абсалютнай цішы, якая павісла з ў залі ДК, загучаў яго маналог:

— Так, мы ў Мінску, заходзім у Міністэрства, ага, вось прыватнае поле аднаго высокага чыноўніка. Спрабую наладзіць спірытычны канал, дэкадзірую флюіды. Ёсць! Цяпер супрацоўнік міністэрства змагаецца са сном і прагай сысці ў адпачынак. Ён гераічна стварае сацыяльна-псіхалагічны партрэт сярэднестатыстычнага спажыўца соку «Садочак»... Паралельна думае што цешча...

— Не тое! — сарваўся на істэрыку голас з залы. — Пра што яшчэ ён думае?

— Ага, ён думае прызначыць дзень цвярозасці на, на... пачакайце мне трохі замінаюць электороды, якія вылучае планета Венера. Ага, бачу! Наступны Дзень цвярозасці будзе...»

Уся зала ахнула і падалася наперад.

— Стаяць! — з-пад столі спусціліся чалавекі-павукі ў чорнай форме. «Ляжаць!» — паклалі яны экстрасэнса на падлогу і звярнуліся да залы: «Сядзець!»

Бедалага-маг не ўлічыў, што канал сувязі, які ён адкрыў, быў двухбаковы. Міліцэйскі чын, адчуўшы нетыповае варушэнне ў галаве, адразу выклікаў опергрупу.

Публіка маўчала ў захапленні перад магчымасцямі эзатэрычных практык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?