Як паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка, 8 мая арыштаванага на 15 сутак Сяргея Ціханоўскага ў ізалятары часовага ўтрымання Гомеля наведаў адвакат. Блогер арыштаваны па пастанове суда ад 10 студзеня ў сувязі з тым, што не адседзеў 15 сутак арышту, на волю ён павінен выйсці толькі 21 мая, піша gomelspring.org.

Стваральнік Youtube-канала «Краіна для жыцця» даведаўся пра абвяшчэнне ў краіне прэзідэнцкіх выбараў і падзяліўся сваімі планамі аб удзеле ў выбарчай кампаніі. З яго слоў, некалькі чалавек маюць даверанасці, у тым ліку і на падачу ў ЦВК ад яго імя неабходных дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Пасля вызвалення з ІЧУ ён мае намер пачаць паўнавартасную выбарчую кампанію.

Нагадаем, 6 мая Сяргея Ціханоўскага затрымалі пад Магілёвам. У МУС заявілі, што падставай для затрымання блогера стала пастанова суда Савецкага раёна горада Гомеля аб адміністрацыйным арышце.

Улады прызначылі выбары на 9 жніўня, а не на 30 жніўня, як меркавалася раней.

Падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы трэба да 15 мая — застаўся ўсяго тыдзень.

Ціханоўскі знаходзіцца пад вартай і не зможа падаць дакументы ў ЦВК сам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0